BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Парадоксы ЕГУ

Беларуская прапаганда наехала на Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Гэтая вышэйшая навучальная ўстанова калісьці ўтварылася ў Менску. Але даўно мусіць існаваць па-за межамі Беларусі – у сталіцы сучаснай Літвы Вільні.

Парадокс сітуацыі ў тым, што да ЕГУ заўжды былі і ёсць прэтэнзіі што да ігнаравання беларушчыны. То бок, ЕГУ варожы лукашыстам, але і не надта свой для апанентаў рэжыму.

На дзяржаўнай тэлевізіі РБ адзін з вядучых прапагандыстаў агучыў блізкае прызнанне ЕГУ «экстрэміскай арганізацыяй». І што, маўляў, ці забірайце дакументы, што атрымаеце пераслед.

Адзін з выкладчыкаў ЕГУ этнограф Павел Церашковіч у каментарах для розных медыяў мяркуе, што лукашэнкаўскія ўлады хочуць сарваць уступную кампанію ў 2024 годзе.

Апроч ЕГУ за мяжой для беларусаў дзясяткі, калі не сотні, варыянтаў атрымання адукацыю па стандартах Еўразвязу.

Моладзь з Беларусі з’язджае.

І тут справа нават не ў ціску на псіхіку прапагандыстаў падчас навучальнага працэсу ў беларускіх ВНУ. Проста моладзі і праўда няма як планаваць сваё жыццё ва ўмовах Рэспублікі Беларусь.

Неадэкватная сярэднім па краіне даходам цана за навучанне, далейшая па заканчэнні вучобы адпрацоўка не адзін год. Усё гэта за невялікія заробкі.

У той самы час за мяжой рэзка паболела беларусаў, якія з першых вуснаў распавядаюць сваім знаёмым у Беларусі «як там жыць». У тым ліку як вучыцца, і якія перспектывы мець перад сабою.

Проста ЕГУ прасцей назваць «экстрэміскім», чым напрыклад Варшаўскі Універсітэт.

ЕГУ быў утвораны ажно ў 1992 годзе. І быў гэты ўніверсітэт класічным бізнес-праектам у галіне адукацыі.

Нацыянальна-арыентаваная грамадскасць непрыхільна ўспрымала ЕГУ, дзе беларушчыну ігнаравалі ці не з выклікам.

Не чапай Лукашэнка ЕГУ, не вядома хто і што там цяпер выкладалася б. Але Лукашэнка не можа пайсці супраць сваёй прыроды, таму ЕГУ фактычна вымусілі выехаць за мяжу ў 2004 годзе.

Беларуская мова і тэма там існуюць крыху перавышаючы статыстычную пагрэшнасць і цяпер. Хоць грошы рэгулярна бяруцца і пад пераследаваных беларусаў, вобразна кажучы.

Такі вось невыразны з ідэйнага гледзішча праект, па якім зноў б’юць таму, што замінае лукашыстам.

Моладзь будзе з’язджаць яшчэ хутчэй.

Задача на аддаленую перспектыву – зрабіць з Беларусі «зямлю абяцаную» для людзей з вышэйшай адукацыяй з усяго свету.

Севярын Квяткоўскі Беларускае Радыё Рацыя