BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Чапляцца за ўладу

  • Паўночная Карэя і Беларусь дамовіліся ўмацоўваць супрацоўніцтва
  • Як зрабіць эканоміку ЕЗ больш канкурэнтаздольнай
  • Грузія: улады зноў вырашылі прыняць закон аб «інагентах»

Намеснікі міністраў замежных спраў Паўночнай Карэі і Беларусі, ключавых саюзнікаў Расеі, дамовіліся ў чацвер умацоўваць кантакты і супрацоўніцтва на высокім узроўні ў розных галінах, уключаючы эканоміку і культуру, а таксама ў глабальных справах. «Двухбаковыя перамовы ў Пхеньяне паміж віцэ-міністрам замежных спраў Паўночнай Карэі Ім Чон Ілем і яго беларускім калегам адбыліся на фоне больш цеснага супрацоўніцтва з Расеяй і аказання імі падтрымкі ў яе вайне супраць Украіны», – падкрэслівае карэйскае выданне The Korea Herald.
«Падчас перамоваў абодва бакі пагадзіліся ўмацоўваць кантакты і абмены на высокім узроўні ў адпаведнасці з патрабаваннямі зменлівага часу. Яны таксама дамовіліся і далей пашыраць і развіваць традыцыйна дружалюбныя і кааперацыйныя адносіны паміж дзвюма краінамі шляхам актыўнага развіцця супрацоўніцтва ў эканамічнай і культурнай сферах, цеснай падтрымкі адзін аднаго і каардынацыі дзеянняў на міжнароднай арэне. Беларусь дала Расеі значную стратэгічную перавагу, размясціўшы расейскую тактычную зброю і дазволіўшы расейскім сілам дзейнічаць і пракідваць зброю са сваёй тэрыторыі. Паўночная Карэя паставіла зброю, у тым ліку балістычныя ракеты і боепрыпасы, у Раесею для выкарыстання супраць Украіны. Іх падтрымка Расеі яшчэ больш ізалявала іх ад міжнароднай супольнасці. Сустрэча выклікала рэзананс, асабліва калі ўлічыць, што Лукашэнка раней прапаноўваў «вывучыць трохбаковае супрацоўніцтва» Беларусі, Расеі і Паўночнай Карэі падчас сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 15 верасня мінулага года. Сустрэча адбылася ўсяго праз два дні пасля саміту Пуціна з лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам на Далёкім Усходзе», – піша карэйскае выданне.


Еўрапейская рада абвясціла пра тое, што мае намер прыняць меры па падвышэнні канкурэнтаздольнасці еўрапейскай эканомікі. Даклад былога кіраўніка ўрада Італіі Энрыка Леты, які шырока абмяркоўваецца, прапаноўвае распаўсюдзіць палажэнні агульнага рынку на сферу энергетыкі, тэлекамунікацыі і фінансаў. Гучыць і прапанова дазволіць Бруселю выдзяляць прамыя субсідыі кампаніям. Канкрэтныя меры плануецца ўзгадніць пасля выбараў у Еўрапарламент. Брусельская Le Soir бачыць на шляху мноства перашкод.
«Аднаўленне канкурэнтаздольнасці Еўразвяза стане няпростай задачай. Як правіла, намеры і інтарэсы краін-сябраў супольнасці разыходзяцца па вялікай колькасці пытанняў. У нямецкай прамысловасці – іншыя мэты, чым у французскай. А таму ёсць і розныя адказы на тое, якім менавіта чынам павінна выглядаць паляпшэнне сітуацыі на ўнутраным рынку. У чацвер саміт зацягнуўся на доўгія гадзіны, што сведчыць пра тое, што знайсці рашэнне, якое б задаволіла ўсіх, было няпроста», – піша бельгійскае выданне.


У Грузіі праходзяць масавыя пратэсты супраць закона аб «замежных агентах». Такі ярлык плануецца наважваць на арганізацыі, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы. У сакавіку ў краіне ўжо мелі месца шырокія акцыі пратэсту супраць прыняцця падобнага законапраекта, і ў выніку ўлада тады адступіла. Аглядальнікі пішуць пра падаплёку падзей – і праводзяць відавочныя паралелі з сітуацыяй у Расеі. «Над партыяй Грузінская мара, якая ўжо на працягу многіх гадоў знаходзіцца ва ўладзе, згушчаюцца хмары», – адзначае Українська правда.
«Найбольш распаўсюджанае тлумачэнне заключаецца ў тым, што закон, які дазваляе кантраляваць грамадзянскі сектар і незалежныя СМІ, патрэбны для забеспячэння перамогі на парламенцкіх выбарах, прызначаных на 26 кастрычніка. Гэтыя выбары ўпершыню пройдуць без аднамандатных акруг, у якіх партыя заўсёды перамагала. А, адпаведна, дабіцца перамогі на гэты раз Грузінскай мары будзе куды складаней, чым на папярэдніх выбарах. Утрыманне ўлады (тут трэба нагадаць, што Грузінская мара знаходзіцца ва ўладзе ўжо амаль дванаццаць гадоў) – гэта ключавая задача партыі. І дзеля гэтага там гатовыя ахвяраваць нават стасункамі з ЕЗ», – піша ўкраінскае выданне.


Згодна з вынікамі апошняга апытання Eurobarometer, 81 працэнт грамадзян ЕЗ лічыць, што перад абліччам бягучай геапалітычнай сітуацыі выбары ў Еўрапарламент, што маюць адбыцца, набываюць асаблівую важнасць. 60 працэнтаў апытаных праявілі цікавасць да еўравыбараў. Гэта на 11 працэнтных пунктаў больш, чым паказвалі вынікі апытання ў маі 2019 года, калі праходзілі апошнія выбары. «Высокімі сталі найперш чаканні ад Еўрапарламента, – адзначае берлінская taz.
«Прычынай узрослай цікавасці да гэтых выбараў, на жаль, сталі шматлікія войны, якія зараз вядуцца ў свеце. Канфлікт на Блізкім Усходзе і, вядома ж, захопніцкая вайна Расеі супраць Украіны. Нават калі канца і краю гэтай вайне не бачна, грамадзяне ЕЗ, відаць, працягваюць спадзявацца на тое, што непаваротлівы апарат ЕЗ можа выступіць гарантам міру, бяспекі і абароны. Асаблівую важнасць гэтая тэма набывае ў тых краінах, якія мацней за іншых адчуваюць пагрозу з боку Расеі. Да іх адносіцца Фінляндыя ці Літва, але таксама і Нямеччына. Усё гэта азначае адно: чаканні, якія звязваюцца з будучым Еўрапарламентам, вельмі высокія», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя