BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Не згубіць спробы

ЗША назвалі арганізацыі з Беларусі і Кітая, якія пастаўляюць Пакістану ракетную праграму. Еўравыбары: як адгарадзіцца ад уплыву Масквы? Партугалія: 50 гадоў Рэвалюцыі гваздзікоў. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «ЗША прызналі Беларусь і Кітай як краіны паходжання арганізацый, якія пастаўляюць Пакістану ракетную праграму», – перадае амерыканскае выданне The Global Sanctions.

«Дзяржаўны дэпартамент ЗША ўнёс адпаведныя змены і  вызначыў у інфармацыйным бюлетэні арганізацыі, выкарыстоўваючы раздзел 1(a)(ii) распараджэння 13382 (санкцыі супраць распаўсюду)  названыя краіны як актараў, якія забяспечваюць праграмы балістычных ракет Пакістана. У такі пералік трапілі: Беларускі  менскі завод колавых цягачоў, які нібыта пастаўляў аўтамабільныя шасі для пакістанскай праграмы балістычных ракет далёкага радыусу дзеяння; і Кітайская кампанія Xi’an Longde Technology Development Company Limited, Tianjin Creative Source International Trade Co Ltd і Granpect Company Limited, якія нібыта пастаўлялі абсталяванне, звязанае з ракетамі, у тым ліку машыны для намоткі ніткі, абсталяванне для зваркі з перамешваннем і выпрабавальнае абсталяванне», – адзначае амерыканскае выданне.

Напярэдадні выбараў у Еўрапарламент у краінах супольнасці расце занепакоенасць з нагоды дзейнасці Крамля, які спрабуе дасягнуць жаданага для сябе выніку – няхай гэта будзе праз маніпуляцыі ў сродках масавай інфармацыі або прамы ўплыў на палітыкаў і партыі. Аглядальнікі разважаюць пра тое, дзе канкрэтна чакаць небяспекі і як ім варта супрацьстаяць. Парыжская Le Monde указвае на тое, што прарасейскія партыі, якія існуюць у цэлым шэрагу краін, уяўляюць сабой сур’ёзную небяспеку.

«Канфлікт, прынесены Расеяй да нашых межаў, павінен прымусіць нас ачнуцца ад спячкі. Усяго толькі два гады таму партыя Нацыянальны сход зрабіла ідэю заключэння ваеннага саюза з Расеяй асноўным пунктам сваёй праграмы па абароне. Сёння партыі АПС і АдГ адкрыта дэманструюць пракрамлёўскія сімпатыі – і нават калі прыярытэты гэтых груп не дыктуюцца Расеяй напрамую, іх антыліберальныя інтарэсы супадаюць з інтарэсамі Крамля. Гэтыя палітычныя партыі ўяўляюць сабой рэальную пагрозу асноватворным прынцыпам Еўразвязу і застаюцца, у большасці сваёй, носьбітамі небяспечнай ідэалагічнай блізкасці з Крамлём», – адзначае французскае выданне.

У чацвер Партугалія адзначае 50-ю гадавіну Рэвалюцыі гваздзікоў. 25 красавіка 1974 года ў краіне быў скінуты рэжым Салазара і адноўлена дэмакратыя. Партугалія пачала інтэграцыю ў еўрапейскую супольнасць і адмовілася ад сваіх калоній. Прэса піша аб становішчы спраў у краіне сёння, аглядаючыся сярод іншага і на апошнія парламенцкія выбары, па выніках якіх трэцяй палітычнай сілай краіны стала партыя Chega (“Даволі!”), якая вызнае ідэалогію, якая недалёка адышла ад ідэалогіі былой дыктатуры. «Высокая яўка на апошніх парламенцкіх выбарах сведчыць аб тым, што дэмакратыя ў краіне праз 50 гадоў – жывая», – мяркуе лісабонская Correio da Manhã.

«Хада гісторыі распарадзілася такім чынам, што круглая гадавіна падзей 25 красавіка прыйшлася на часы, калі аптымізм наконт дэмакратычнага вектару прывёў да значнага зніжэння колькасці тых, хто ўстрымліваўся ад галасавання падчас апошніх парламенцкіх выбараў – насуперак прагнозам скептыкаў, якія лічылі такі сцэнар малаверагодным. На выбарчыя ўчасткі прыйшло больш грамадзян краіны, чым прыходзіла апошнія дзесяцігоддзі. З’яўленне новых партый прымірыла з сістэмай шматлікіх партугальцаў, якія раней не ўдзельнічалі ў галасаванні. Моладзь выказала сваю відавочную падтрымку, і ў Партугалію вярнулася своеасаблівая выбарчая эйфарыя», – піша партугальскае выданне.

Пасля доўгіх спрэчак абедзве палаты брытанскага парламента адобрылі спрэчнае пагадненне, заключанае ўрадам торы з Руандай. Тая зараз аб’яўлена бяспечнай трэцяй краінай, хоць Высокі суд у Лондане прыйшоў да зваротнай высновы. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак мае намер даць старт першым рэйсам з мігрантамі ўжо праз дзесяць-дванаццаць тыдняў. Нямецкі партал tagesschau.de  не сквапіцца на крытыку.

«Высокі суд Вялікабрытаніі заявіў, што Руанда не з’яўляецца бяспечнай краінай для бежанцаў. Людзі бягуць адтуль, у тым ліку ў Вялікабрытанію, таму тых, хто шукае абароны, не трэба выдвараць у гэтую афрыканскую краіну. Правесці гэты план у жыццё можна толькі ў тым выпадку, калі проста заканадаўчым актам замацаваць той факт, што, маўляў, Руанда з’яўляецца бяспечным месцам. Менавіта гэта торы зараз і зрабілі. А калі нацыянальныя суды вырашаць змяніць гэтае сцвярджэнне? Тады трэба проста дадаць у гэты кацёл яшчэ і дробку беспрынцыповасці. Такім чынам, брытанскі ўрад падрывае асновы прававой дзяржавы і ў значнай ступені спыняе магчымасць падачы апеляцыі», – адзначае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка