Госць Рацыі — прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднага пераходнага кабінета Аліна Коўшык.
РР: Пачнем нашу размову з тэмы пра выбары ў Каардынацыйную раду. Акурат сёння адбылася рэгістрацыя спісаў кандадатаў.
Аліна Коўшык: І сённяшні дзень пачаўся досыць нечакана для мяне, калі я атрымала інфармацыю з Цэнтральнай выбарчай камісіі пра тое, што мяне не зарэгістравалі ў якасці кандыдаткі ад спісу «Еўрапейскі выбар». І для мяне гэта надзвычай нечаканая сітуацыя, асабліва калі мы бярэм пад увагу аргументацыю, якую ўжыла выбарчая камісія. Гэта звязана з тым, што ў спісе я была пазначаная як Аліна Коўшык, без ужывання другой часткі майго прозвішча. У беларускім пашпарце другая частка прозвішча, на жаль, усё яшчэ ёсць, таму што змяніць беларускія дакументы пакуль немагчыма. Мы ўсе пра гэта ведаем.
Чаму мяне гэта здзівіла? Таму што сапраўды ў мяне былі кансультацыі з Центральнай выбарчай камісіяй, і мы разумелі, што ёсць нейкая праблема. Я папрасіла сазвон з сябрамі выбарчай камісіі. Сапраўды ён адбыўся. Літаральна за паўгадзіны да прэсавай канферэнцыі, дзе мы абмеркавалі гэтую сітуацыю, дзе я патлумачыла сітуацыю, звязаную з маімі дакументамі, і ў выніку выйшла такое рашэнне, якое прадставілі мне сябры выбарчай камісіі, што я мушу даслаць пэўныя дакументы, якія пацвярджаюць праўдзівасць маіх словаў, і просьбу афіцыйна на імя выбарчай камісіі. Што я і зрабіла. Сябры выбарчай камсіі сказалі, што ў прынцыпе іх задавальняе такая аргументацыя, але просім выканаць вось гэтыя фармальныя вымогі. Я гэта зрабіла.
І потым, падчас гэтай прэсавай канферэнцыі, я чую, што адзінагалосна мяне выключаюць са спісу. Мяне здзівіў гэты, не проста фармальны падыход, а гэты фармалізм, калі адну з лідарак спісу выклічаюць. Скажу шчыра, у мяне паўсталі такія паралелі з выбарчымі камісіямі сумнавядомай Лідзіі Ярмошынай, калі мы ведаем, як на стадыі рэгістрацыі выключаюць нейкіх моцных апазіцыйных кандыдатаў. Гэта не наўмысна, а проста таму, што ў нас ёсць ужо такі досыць багаты досвед, ведаем, як гэта рабілася неаднаразова ў Беларусі. Вельмі не хацелася б, каб гэта так рабілася. Мы будзем падаваць апеляцыю ад нашага спісу, і я спадзяюся, што выбарчая камісія перагледзіць гэтае пытанне, і прыме адпаведнае рашэнне. Тым больш што сапраўды імя і прозвішча, якое пададзена ў спісе, адпавядае рэальнасці, пад гэтым імем і прозвішчам я таксама фігурую ў сваіх дакументах.
Я нікога не хацела ўвесці ў зман, мяне ўсе пад гэтым прозвішчам ведаюць, больш таго, калі б была дададзеная другая частка майго прозвішча, шмат хто з выбарцаў не змог бы зразумець, што гэта за асоба, а для мяне важна захоўваць тую ідэнтычнасць, пад якой мяне ўсе выбарцы ведаюць.
РР: Мне не да канца зразумела, чаму ў гэтых спісах удзельнічаюць прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета? Як гэта далей будзе? Яны пакінуць свае пасады? Тут хіба што можна заблытацца.
Аліна Коўшык: Калі прыняць агульнапрынятую сістэму падзелу галінаў улады, то ўсё становіцца вельмі проста: у нас ёсць прэзідэнтка-элект, ёсць выканаўчая ўлада — гэта Аб’яднаны пераходны кабінет, ёсць заканадаўчая пляцоўка — гэта Каардынацыйная рада.
РР: І тут я ўдакладню, што сябры Каардынацыйнай рады выкарыстоўваюць слова «прадстаўнічая».
Аліна Коўшык: Сапраўды прадстаўнічая. Сапраўды гэта пляцоўка для абмеркавання, для вынясення важных пытанняў у публічную дыскусію, у публічную сферу. Гэта таксама магчымасць будаваць кааліцыі і ствараць сапраўды публічную палітыку, якой у Беларусі не было 30 гадоў.
Пасля гэтых выбараў можа сфармавацца іншая палітычная культура, якая прывядзе да іншых адносінаў паміж умоўна Аб’яднаным пераходным кабінетам, Каардынайнай радай і Офісам Святланы Ціханоўскай. Я маю на ўвазе, што магчыма з’явіцца пагадненне, што можна быць і сябрам кабінета і Каардынацыйнай рады. Для мяне важна быць у віры палітычнага працэсу. Таму гэта была мая матывацыя.
Вельмі важна ў Каардынайнай радзе стварыць актыўнае ядро, да якога змогуць далучацца розныя палітычныя сілы, фармавацца фракцыі, фармавацца кааліцыі, фармавацца большасць у Каардынайнай радзе, каб уплываць на прыняццё стратэгічных для Беларусі рашэнняў.
Таму я заклікаю беларусаў актыўна прыняць удзел у выбарчым працэсе.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя