BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Класкоўскі: Беларусь ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву

Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя — палітычны аглядальнік агенцыі “Позірк” Аляксандр Класкоўскі. Абмяркоўваем з ім апошнюю сумную тэндэнцыю – прызначэнне на важныя дзяржаўныя, і не толькі, пасады, кіраўнікоў з міліцэйскім мінулым. З Госцем Рацыі пра прычыны і наступствы размаўляе наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Нядаўна МТС узначаліў былы супрацоўнік КДБ і стаў кіраўніком Наваполацка былы сілавік. Як вы лічыце, гэта вось апошняя тэндэнцыя ці так было раней?

Аляксандр Класкоўскі: Насамрэч Лукашэнка ад самага пачатку, як ён ачоліў дзяржаву, стаў прэзідэнтам, відавочна сімпатызаваў людзям у пагонах і прызначаў іх у сваё атачэнне, у вертыкаль. Проста ўжо старэйшыя забыліся, а маладзейшыя не ведаюць. А ў мяне ўсплываюць у памяці, напрыклад, такія прозвішчы, як Сяргей Посахаў, палкоўнік, які быў у 90-ыя гады памочнікам Лукашэнкі. Быў такі сумнавядомы Уладзімір Замяталін, ён быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, нейкі час міністрам інфармацыі, і гэта такі быў чалавек “рускага міру”, чалавек рэакцыйны. Алег  Праляскоўскі  таксама палкоўнік ці падпалкоўнік, які быў некалькі гадоў міністрам інфармацыі і таксама “праславіўся” зацісканнем гаек. Я б яшчэ мог бы пералічваць прозвішчы.

Відавочна, што Лукашэнку імпануюць вось такія людзі вайсковага складу з простым мысленнем, людзі, якія доўга не разважаюць, а бяруць пад казырок, шчоўкаюць абцасамі. Бо сама сістэма, самі метады кіравання, якія ўзяў на ўзбраенне Лукашэнка, гэта адміністрацыйна-камандная сістэма. Ну, а армія ўсё ж трымаецца на камандах і іншыя сілавыя структуры, таму натуральна, што вось гэты адміністрацыйна-камандны стыль кіравання, які абраў Лукашэнка, запатрабаваў і адпаведных кадраў. Так што гэта было заўсёды.

Іншая рэч, што пасля падзеяў 2020 года, калі ўлада вырашыла самым жорсткім чынам задушваць пратэсты і  наводзіць страх на грамадства, то патрэба вось у такіх людзях, якія ўмеюць дзейнічаць жорстка, якія без нейкіх ваганняў выконваюць любыя загады, абвастрылася ў Лукашэнкі. Тут цяжка, канешне, падлічыць у адсотках, але я думаю, што гэты працэс вылучэння сілавікоў на кіроўныя пасады ў самыя розныя сферы інтэнсіфікаваўся менавіта ў звязку з тым, што сістэма стала больш жорсткай, рэпрэсіўнай і, на думку шэрагаў палітолагаў, яна ўжо цяпер набывае рысы таталітарнай сістэмы. Ці казаць больш публіцыстычна – Беларусь ператвараецца ў паліцэйскую дзяржаву.

РР: А ці можа быць так, што гэта яшчэ для дадатковага кантролю над сваімі ж?

Аляксандр Класкоўскі: Так, безумоўна, Лукашэнка да канца не давярае нават сваім кадрам, якія, здаецца, прасвечаныя нібы рэнтгенам наскрозь. Тыя ж спецслужбы правяраюць кожнага чыноўніка, кожнага вертыкальшчыка перш, чым ён зойдзе да Лукашэнкі ў кабінет і атрымае так бы мовіць бласлаўленне на пасаду. Аднак вось калі паслухаць Лукашэнку, у яго прамовах раз-пораз гучала і праслізвае дасюль, што вось некаторыя там сімпатызавалі бэчэбэшнікам, цяпер проста схаваліся пад плінтус, і гэта ўсё трэба выпальваць калёным жалезам.

Так што гэта, канешне, яшчэ і для дадатковай праверкі.

Як падкрэслівае эксперт, прызначэнне сілавікоў на цывільныя пасады, канечне, забяспечвае Лукашэнку парадак і кантроль на месцах. Але не варта чакаць ад такіх назначэнцаў сапраўды эфектыўных рашэнняў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя