BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Анатоль Лябедзька: Марыць пра тое, што бліжэй да зямлі, больш рэалістычна

Госць Рацыі – палітык Анатоль Лябедзька, дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе. З ім на тэму космасу, Усебеларускага народнага сходу, стасункаў Беларусі і Расеі размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Ці марылі вы калі паляцець у космас і паглядзець, як выглядае наша Зямля з арбіты, касмічнай станцыі? Напэўна, вельмі прыгожа гэта ўсё.

Анатоль Лябедзька: Калі шчыра, то не, такіх мрояў у мяне ў дзяцінстве не было.                              

РР: Не хацелася вам у дзяцінстве паляцець? Цікава чаму? Бо мне здаецца, што ўсе хлопчыкі ў Савецкім саюзе марылі пра тое, каб паляцець у космас, асабліва пасля Гагарына і гэтак далей.

Анатоль Лябедзька: Атрымліваецца, што не ўсе, і я не настолькі стары, каб праводзіць паралелі з Гагарыным. Я марыў пра нешта іншае, больш такое зямное. І мне падаецца, што марыць пра тое, што бліжэй да зямлі, гэта больш рэалістычна. І гэта спраўдзілася па жыцці.

РР: Але я ўсё  ж прапаную з вамі пагаварыць пра космас у палітычным кантэксце. Нядаўна Лукашэнка ездзіў да Пуціна і першае, што ён сказаў пра космас: космас наш і космас ваш. І вось зараз Беларусь – касмічная дзяржава. Наколькі перспектыўнае гэтае пытанне?

Анатоль Лябедзька: Ведаеце, у 60-70-ых у касмічным вазку можна было заехаць далёка. Сёння, мне падаецца, гэта не нейкае «ВАУ», таму што касманаўтаў, астранаўтаў недзе ўжо больш за 600 чалавек. І натуральна, чым больш такіх палётаў, тым больш мы прызвычайваемся да такіх палётаў, як не да нейкага незвычайнага, а паляцеў – ну, і паляцеў.

Большасць людзей усё ж такі, я зрабіў сабе адмысловую галасавалку і запытаўся ў людзей, ці з’яўляецца гэта падзеяй №1, ці хто герой вашага часу – тая касманаўтка, якую Лукашэнка адправіў? І ведаеце, там, здаецца, толькі 9% адказалі, што так, яна для мяне герой. А пераважная большасць казала, што герой сённяшняга дня для іх – гэта альбо палітвязні, альбо добраахвотнікі, альбо тыя, хто зробіць эканамічны цуд і, напрыклад, краіну за пяць гадоў выведуць у трыццатку лепшых. Вось так сёння ацэньваюць па шкале, хто герой нашага часу нашы людзі. Таму, канешне, прапаганда будзе гэта эксплуатаваць, але наколькі гэта будзе эфектыўна? Мне падаецца – не.

Гэта будзе важным для вельмі вузкага сегмента грамадства, закаханых у лукашэнкаўскі рэжым, фанатаў клуба Аляксандра Лукашэнкі, не больш таго.

РР: Невыпадкова гэта ўсё адбылося напярэдадні 12 красавіка, акурат Дня касманаўтыкі. Мы тут ужо прыгадалі Гагарына. Журналісты падлічылі, што ў гэты дзень пра Марыну Васілеўскую і таксама дасягненні космасу на “БелТА” было 22 навіны. Навошта Аляксандру Лукашэнку зараз гэтая касмічная тэма?

Анатоль Лябедзька: Натуральна космас можа быць важным пунктам парадку дня, але натуральна Беларусь усё ж такі невялікая краіна, а космас патрабуе вялікіх выдаткаў, таму тут шапка не па Ямельку. Чаму эксплуатуюць? Таму што няма пазітыўных ідэяў, прарыўных ідэяў. Вось глядзіце, колькі часу ўжо прайшло з 2020 года, а што галоўнае ў беларускім парадку дня – гэта знаходзіць нейкае апраўданне, чаму мы разам з Расеяй суагрэсары, чаму мы так ці інакш падтрымліваем гэтую вайну.  Гэта не пазітыўны парадак дня, людзі, і беларусы ў прыватнасці, усё ж такі скіраваныя на тое, каб мець дабрабыт, магчымасць падарожнічаць, каб у іх была нейкая перспектыва. І тут Лукашэнка нічога не можа даць, партфель пазітыўных прарыўных ідэй у яго пусты. І таму, калі з’явілася магчымасць паэксплуатаваць касманаўтку, ён гэта робіць. Ён спрабуе вось гэтую дзірку закрыць. Але ж ведаеце, інфармацыяй у “БелТА” гэта не зробіш. Далёка не ўсе туды заходзяць. А каб быць у міжнародным парадку дня, трэба каб пра гэта пісалі вядомыя міжнародныя агенцтвы. І там у нас няма пазітыву, там калі і згадваюць Беларусь, то ў кантэксце вайны і ў кантэксце рэпрэсій.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя