BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Беларусь – гэта наша краіна, і наш абавязак выратаваць яе”

У Бруселі адбылася сустрэча старшых службовых асоб (Senior Officials Meeting) па пытанні дапамогі Еўразвяза для дэмакратычнай Беларусі, паведамляе Аб’яднаны Пераходны Кабінет.

Фота: АПКБ

З беларускага боку ў размове ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, Каардынацыйнай Рады, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка, кіраўнік апарату Кабінета Валерый Мацкевіч, намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі.

З еўрапейскага боку – прадстаўнікі ўсіх 27 дзяржаў ЕЗ, гендырэктар DG NEAR Герт Ян Коопман і кіруючы дырэктар EEAS Міхаэль Зіберт.

Абмеркавалі мэты і выклікі ў такіх сферах, як правы чалавека і лёс палітзняволеных; грамадзянская супольнасць; медыя; адукацыя; культура; прыватны сектар. 

Дэмакратычная лідарка, кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла перад удзельнікамі ў фармаце відэазвароту:

«Чацвёрты год мы працягваем нашую барацьбу. Гэта не для слабых духам. Гэта патрабуе бясконцай энергіі, асабістых ахвяр, настойлівасці і мужнасці перад тварам пераследу і запалохвання.

Нашыя задачы сталі больш складанымі і небяспечнымі. Масавыя рэпрэсіі і тысячы палітзняволеных – наш штодзённы асабісты боль. Дыктатар дазволіў Расеі пачаць вайну супраць Украіны. Ён таксама падвергнуў нашу краіну агрэсіўнай палітыцы Расеі – па дэмантажы дзяржаўнасці і знішчэнні нацыянальнай ідэнтычнасці.

У гэтых варожых умовах дзейсны дэмакратычны рух каштоўны як ніколі. Нас нельга вінаваціць ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі. Таму што гэта наша краіна, і наш абавязак – выратаваць яе.

Поспех нашай справы патрабуе дынамічнай і разнастайнай грамадзянскай супольнасці, гнуткіх і крэатыўных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама моцных палітычных структур, якія адпавядаюць выклікам і задачам.

Мы хочам вярнуць нашу нацыю ў еўрапейскую сям’ю, да якой мы належым. Дэмакратычная, незалежная, еўрапейская Беларусь — наша агульная мэта. Мы павінны працягваць працаваць на гэтым шляху разам».

Валер Кавалеўскі патлумачыў важнасць падзеі: 

«Беларускі дэмакратычны рух змагаецца супраць найскладанейшага крызісу ў Беларусі. Дзеянні Лукашэнкі і Пуціна разбураюць нашае грамадства і нашу ідэнтычнасць і пагражаюць незалежнасці Беларусі. 

Менавіта ад дзеянняў беларусаў залежыць нашае будучае, і падтрымка з боку міжнароднай супольнасці дазваляе рэалізаваць суб’ектнасць беларускага народа. Беларусь валодае значным патэнцыялам, і менавіта дэмакратычная Беларусь будзе ў стане яго рэалізаваць».