BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Галоўнакамандуючы ВМФ Расеі адпраўлены ў адстаўку

Крыніцы расейскага выдання «Известия» паведамілі пра адстаўку Мікалая Яўменава з пасады галоўнакамандуючага вайскова-марскога флота Расеі.

Яўменаў кіраваў расейскім флотам з мая 2019 года. Яго, па інфармацыі выдання, заменіць адмірал Аляксандр Маісееў, які камандаваў Паўночным флотам.

Прычыны адстаўкі Мікалая Яўменава ў публікацыі не ўдакладняюцца. У 2012 годзе военачальнік быў прызначаны камандуючым падводнымі сіламі Ціхаакіянскага флоту, а затым перайшоў на пасаду начальніка штаба – першага намесніка камандуючага Паўночным флотам, які ўзначаліў у 2016 годзе. Праз тры гады яго прызначылі галоўнакамандуючым ВМФ.

Пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну Яўменаў патрапіў пад санкцыі ЗША, Еўразвяза, Брытаніі і іншых краін.

Паводле інфармацыі на сайце Мінабароны РФ, адмірал Аляксандр Майсееў, які павінен змяніць Мікалая Яўменава на гэтай пасадзе, нарадзіўся 16 красавіка 1962 г. у пасёлку Борскае ў Калінінградскай вобласці.

Адметна, што адстаўка расейскага галоўнакамандуючага ВМФ адбываецца на фоне сур’ёзных страт Чарнаморскага флоту РФ каля Крыма. Цяпер колькасць караблёў РФ у партах анексаванага Крыма зведзеная да мінімуму — засталіся толькі тыя, якім не знайшлося месцы ў пунктах базавання Наварасійска, Сочы і Туапсэ, але ў мора яны не выходзяць.