Лукашэнка прысвоіў Марыне Васілеўскай званне Героя Беларусі. Такім чынам узнагародзіў першую беларускую касманаўтку, якая сёння вярнулася ў Менск. СМІ, якія падпарадкоўваюцца Аляксандру Лукашэнку, дакладна апісвалі гэты палёт, гучала шмат эмацыйных эпітэтаў.
Такі падыход даўно практыкуецца, заўважыў у праекце «Месца для прэсы» палітычны аналітык і медыя-эксперт Паўлюк Быкоўскі.
-У нас ёсць сталы наратыў, які прасоўваюць кіроўны рэжым, прапагандысцкая машына, звязаная з ім, што ў Беларусі ўсё добра, кіраўнікі добрыя, рухаемся ў правільным кірунку і так далей. Але апошнім часам не хапала нагодаў для пацвярджэння такіх сцвярджэнняў. Ну вось, ёсць тое, чым людзі гатовыя ганарыцца. Сапраўды, палёт у космас, прынамсі, у маім дзяцінстве – гэта лічылася подзьвігам.
Касмічны палёт першай у гісторыі суверэннай Беларусі касманаўткі Марыны Васілеўскай на МКС працягнуўся 14 дзён — з 23 сакавіка па 6 красавіка. Па выніках яго, Лукашэнка заявіў, што цяпер Беларусь па праву можа лічыцца «касмічнай дзяржавай». Беларуская касмічная праграма не столькі эканамічны, колькі палітычны праект. Асноўная мэта якога, каб абвесціць Беларусь касмічнай дзяржавай і звязаць гэта з імем Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя