BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з нагоды 106-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў перад 106-й гадавінай абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 году і заклікала іх да салідарнасці і аб’яднання перад пагрозай страты незалежнасці.

“Дзень 25 Сакавіка стаўся нашым найвялікшым святам, і, нягледзячы на ўсе высілкі ўсходняга суседа, каб нас сцерці з паверхні Зямлі, народ наш больш як сто гадоў змагаецца, каб адрадзіць свой вольны край”, — адзначыла Івонка Сурвіла. На думку старшыні БНР, цяпер дзяржаўная незалежнасць, здабытая ў 1991 годзе, ізноў апынулася пад пагрозаю.

“Усталяваная з дапамогаю Масквы дыктатарская ўлада Лукашэнкі стварыла рэальную пагрозу існаванню ўжо ня толькі дзяржаве, але і беларускай нацыі. Але беларускі народ змагаецца за сваю будучыню, што яскрава выявілася ў магутным уздыме 2020 года”, — падкрэсліла Івонка Сурвіла.

Поўны тэкст звароту:

Зварот

з нагоды гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай

Рэспублікі

Дарагія мае суродзічы,
Сто шэсьць гадоў таму – 25-га Сакавіка 1918 году – пасьля
стагодзьдзяў няволі, беларускі народ парваў ланцугі, у якіх яго
трымала чужая імпэрыя, і абвясьціў сьвету незалежнасьць свае
дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дзень 25-га сакавіка стаўся нашым найвялікшым сьвятам, і,
нягледзячы на ўсе высілкі ўсходняга суседа, каб нас сьцерці з паверхні
Зямлі, народ наш больш як сто гадоў змагаецца, каб адрадзіць свой
вольны край.
Натхнялі нас ідэалы 25-га Сакавіка.
У вельмі неспрыяльных для нацыянальнага адраджэньня
варунках у Беларусі вырасла і выхавалася на ідэях БНР новае
пакаленьне беларускіх палітыкаў, якія здолелі ў сваю чаргу
скарыстаць распад СССР і дасягнуць абвяшчэньня 25 жніўня 1991
году незалежнасьці краіны ў новым абліччы – Рэспублікі Беларусь.
На жаль, здабытая ў 1991 годзе дзяржаўная незалежнасьць ізноў
апынулася пад пагрозаю. Усталяваная з дапамогаю Масквы
дыктатарская ўлада Лукашэнкі стварыла рэальную пагрозу
існаваньню ўжо ня толькі дзяржаве, але і беларускай нацыі.


Але беларускі народ змагаецца за сваю будучыню, што яскрава
выявілася ў магутным уздыме 2020 году. Найбольш яскравым доказам
таго ёсьць факт, што наш асноўны дзяржаўны ворган – Рада БНР,
захавалася да сёньня.
Бальшавіцкая акупацыя прымусіла Раду БНР пакінуць краіну і
выехаць у эміграцыю, але і на чужыне яна не спыніла сваю дзейнасьць.
На выгнаньні Рада БНР захоўвае ідэалы БНР і да сёньня трымае
мандаты дзяржаўнаe ўлады, атрыманыя ад Першага Усебеларускага
Кангрэса.Такога ўзроўню паўнамоцтваў ня меў і ня мае пакуль
ніводзін з урадаў Беларусі. Яны альбо прызначаліся пры саветах ці
абіраліся ў выніку фармальных альбо сфальшаваных выбараў.
Рада БНР вітала абвяшчэньне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь
і магла б перадаць свае паўнамоцтвы ўраду Рэспублікі Беларусь,
дзейнасьць якога адпавядала б ідэалам БНР і гарантавала б
незалежнасьць нашага краю, але такога пакуль не сталася. У сувязі з
гэтым Рада БНР павінна і надалей выконваць сваю ранейшую ролю.
Сёньня Рада БНР стаіць побач з дэмакратычнымі нацыянальнымі
сіламі, што змагаюцца з дыктатарскім рэжымам у Беларусі і
дзейнічаюць для нацыянальных інтарэсаў Беларускага народу.
У адпаведнасьці са сваімі паўнамоцтвамі і магчымасьцямі Рада
БНР удзельнічае ў гэтым змаганьні, каб наблізіць той час, калі яна
зможа перадаць свае паўнамоцтвы годнаму ўраду незалежнай
дэмакратычнай Беларусі і тым самым забясьпечыць пераемнасьць ідэі
беларускай Незалежнасьці на падставе Акта 25 сакавіка 1918 году.
Сёньня заклікаю кожнага з Вас не забывацца пра наш родны край,
і пра гераізм і ахвярнасьць нашых продкаў, якія ня раз ішлі паміраць,
каб жыла Беларусь. Дзякуючы ім мы яшчэ маем край – які мы цяпер
мусім бараніць, каб не пакінуць жабракамі – «SANS DOMICILE
FIXE» – нашых дзяцей і ўнукаў.
Няма ў нас большага скарбу, як свая дзяржава. Ня дайце
ўзурпатару прадаць яе ворагам ды асіраціць Вас. Прыйшоў час, калі

сапраўдным беларусам трэба забыцца пра ўсё тое, што іх дзеліць і
аднавіць САЛІДАРНАСЬЦЬ, якая так моцна нам патрэбная, каб
выжыць.
Мы разумны, здольны і добры народ. Сорам, што рэжым з нас
зрабіў у вачах вольнага сьвету суагрэсараў суседняга краю, зь якім мы
стагодзьдзямі жывём у згодзе. Нашым абавязкам ёсьць даказаць, што
народ наш ня хоча вайны! Адзінае, што мы жадаем, гэта жыць
спакойна на нашай уласнай вольнай зямлі.
Дык віншую Вас усіх з нашым вялікім нацыянальным сьвятам,
мае дарагія суродзічы!
Памажы нам Божа! Жыве вольная і незалежная Беларуская
Народная Рэспубліка!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Беларускае Радыё Рацыя