BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На парламенцкіх выбарах у Партугаліі перамаглі правыя партыі

Прыхільнікі Дэмакратычнага альянсу святкуюць перамогу

У выніку датэрміновых парламенцкіх выбараў у Партугаліі большасць не змагла атрымаць ніводная з партый. Найбольшую падтрымку выбаршчыкі аказалі правацэнтрысцкаму Дэмакратычнаму альянсу (АД), аднак яму недастаткова галасоў, каб стварыць урад самастойна. Нечаканасцю стаў рэзкі рост падтрымкі вельмі правай партыі Chega («Хопіць!») былога спартовага каментатара Андрэ Вентуры.

Правацэнтрысты на чале з Луішам Мантэнегру восем гадоў знаходзіліся ў апазіцыі да кіроўнай Сацыялістычнай партыі. Цяпер яны атрымалі найбольшую колькасць галасоў, а сацыялісты з восень невялікім адставаннем занялі другое месца.

Пры гэтым партыя Chega, якую называюць вельмі правай, змагла ў чатыры разы павялічыць колькасць сваіх дэпутатаў у парламенце: зараз у яе 48 з 230 дэпутатаў.

Такім чынам тэарэтычна правыя змаглі б стварыць кааліцыйны ўрад, аднак Мантэнегру адпрэчваў магчымасць супрацоўніцтва з партыяй Вентуры, вінавацячы яе нібыта ў расізме.

Дэмакратычны альянс таксама казаў, што якая-небудзь дамова з Chega можа прывесці да з’яўлення нестабільнага ўрада. Бліжэйшы час пакажа, ці здолеюць правыя партыі паразумецца паміж сабой і стварыць кааліцыю.

Нягледзячы на пэўны ​​эканамічны рост пры сацыялістах, партугальцы занепакоеныя ростам інфляцыі, пагаршэннем якасці дзяржаўных паслуг і жыллёвым крызісам.

Пазіцыі сацыялістаў падарваў і карупцыйны скандал, у выніку якога ў адстаўку змушаны быў сысці лідар партыі Антонію Кошта, які таксама займаў пасаду прэм’ер-міністра краіны.

Беларускае Радыё Рацыя