BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Рада БНР узнагародзіла розных дзеячоў за заслугі перад беларускім народам

Упершыню з 1950 году Рада БНР узнагародзіла тытуламі кавалера Ордэну Пагоні з наданьнем адзнакі Крыжа Ордэну Пагоні.

У 106-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэты аб узнагароджаньні за заслугі перад беларускім народам:

  • Зянона Пазьняка – за найважнейшы ўнёсак у здабыцьцё незалежнасьці Беларусі, нацыянальнае адраджэньне, абарону дэмакратыі,
  • праваабаронцу Алеся Бяляцкага – за выбітныя заслугі маральна-грамадзкага лідарства нацыянальнага маштабу на абароне грамадзянскіх і нацыянальна-культурных правоў і законнасьці Беларусі ў варунках асабістае небясьпекі, а таксама два палітычныя зьняволеныя, чые імёны пакуль не апублічваюцца зь меркаваньняў асабістай бясьпекі.
  • Гэтай жа ўзнагародай адзначаныя два рэлігійныя і духоўныя лідары нацыянальнага маштабу, чые імёны пакуль не апублічваюцца.

Мэдалём Ордэну Пагоні адзначаныя:

  • ваяр і вайсковы арганізатар у батальёне «Волат» з дадатковай вайсковаю адзнакаю і адзнакаю за мужнасьць,
  • дырэктар «Беларускага дому» ў Варшаве Алесь Зарамбюк,
  • намесьнік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук (з дадатковай вайсковаю адзнакаю),
  • куратарка кніжнай калекцыі бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане Караліна Мацкевіч,
  • камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс Прохараў (з дадатковай вайсковаю адзнакаю),
  • дзеяч Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі і адзін з кіраўнікоў Беларускага Дабранчыннага Фонду Сяргей Пяткевіч,
  • удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980-х і непадцэнзурнага друку журналістка Алена Радкевіч,
  • сустаршыня руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая,
  • а таксама брытанскі навуковец Алан Фляўэрс і грамадзкі актывіст, які шмат зрабіў у справе дабрачыннасьці,
  • мэдык Сяргей Юрчанка (Чэхія).

За ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю мэдалём Ордэну Пагоні ўзнагароджаныя:

  • аўтарка падручнікаў па беларускай мове для 1-6 клясаў, беластоцкая настаўніца Аліна Ваўранюк,
  • заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўнік беластоцкай Фундацыі «Kamunikat.org» Яраслаў Іванюк,
  • паэт Андрэй Хадановіч.

Закрытым дэкрэтам Старшыня Рады БНР узнагародзіла мэдалём «За баявыя заслугі» трох афіцэраў і 14 байцоў палка імя Кастуся Каліноўскага, аднаго афіцэра і 11 байцоў батальёну «Волат», а таксама аднаго байца асобнай дэсантна-штурмавой роты «Беларусь» у складзе аднае з брыгадаў Збройных сілаў Украіны.

Аднаму з вайсковых арганізатараў, раней узнагароджанаму мэдалём Ордэну Пагоні, нададзеная дадатковая вайсковая адзнака.

Свабода