Вайна ва Украіне. Страты расейскіх вайсковых самалётаў далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 значна пагоршаць сітуацыйную арыентацыю экіпажаў у небе. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы брытанскай разведкі.
Адзначаецца, што праз тыдзень пасля паражэння другога па ліку самалёта А-50 Расея, хутчэй за ўсё, забараніла палёты паветранага судна каля Украіны.
«Гэта будзе працягвацца датуль, пакуль расейцы будуць праводзіць унутраныя расследаванні аб няздольнасці абараніць гэтыя самалёты, а таксама аб тым, як паменшыць пагрозу, якую працягвае ўяўляць украінская супрацьпаветраная абарона», — сцвярджае брытанская разведка.
Паводле яе інфармацыі, страта самалёта можа значна пагоршыць сітуацыйную арыентацыю экіпажаў самалётаў. На думку аналітыкаў, Расея не можа дазволіць сабе такі прагал у магчымасцях. З-за гэтага расейскія вайскоўцы, верагодна, будуць вывучаць іншыя варыянты вырашэння гэтай праблемы шляхам перапрафілявання самалётаў і прыняцця большай рызыкі для забеспячэння эфектыўнай падтрымкі з паветра, у якой маюць патрэбу іх сухапутныя войскі.
Расейскі самалёт А-50 украінскія сродкі СПА збілі 23 лютага. Пра страту яшчэ аднаго такога борта паведамлялася 14 студзеня. Паводле адкрытых крыніц, у 2022 годзе Расея мела толькі тры такія самалёты і шэсць яго мадыфікацый А-50У. Адзін з А-50 быў пашкоджаны ў лютым 2023 года на беларускім аэрадроме ў Мачулішчах.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: mil.in.ua