BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Расеі зрабілі інфармацыйнае шоў з забойства беларуса

ФСБ, пераемніца савецкага КГБ, выставіла ролік, дзе нібыта вядзе з кімсьці бой. У выніку паведамляецца пра «ліквідацыю» беларуса, які рыхтаваў тэракт на тэрыторыі Расеі.

Мікалай Аляксееў родам з Віцебску, меў 49 гадоў, працаваў у расейскай Карэліі.

Геаграфічная даведка: Карэлія па памерах прыблізна як 90% Беларусі, пры гэтым мае насельніцтва як чвэрць Менску. Гэта абсалютна мядзведжы кут Расейскай Федэрацыі, а цяпер яшчэ і край расейскай геаграфіі, бо Фінляндыя пазакрывала большасць памежных пераходаў.

І вось у такой мясцовасці беларус з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, бацька чацвярых дзяцей, у мінулым трэнер па ёзе вырашыў зрабіць акт застрашэння – падарваць адну з дзяржаўных установаў. Гэта афіцыйная расейская версія, у якую слаба верыцца, з улікам усяго пералічанага вышэй.

Яшчэ фээсбэшнікі настойваюць на тым, што Мікалая Аляксеева завербавала ўкраінская выведка, а сам ён звязаны з Палком Кастуся Каліноўскага.

Нагадвае класічныя з савецкіх часоў прыёмы апрацоўкі мала адукаванага насельніцтва, гатовага верыць у любую фантастычную гісторыю. Замест украінскай выведкі можна падставіць «таемны сусветны ўрад», «рэпцілоідаў» ці секту чорных магаў.

Навошта робяцца падобныя інфармацыйныя спецаперацыі збольшага зразумела. Фээсбэшнікам трэба дэманстраваць кіраўніцтву эфектыўнасць сваёй працы, што цягне за сабой прэміі і новую канфігурацыю зорачак на пагонах.

Палітычнаму кіраўніцтву Расеі выгадна трымаць насельніцтва ў страху, адначасова дэманструючы як спакойна насельніцтву пад крыламі двухгаловага арла.

Але чаму менавіта Мікалай Аляксееў? На аватарцы ў сацыяльнай сетцы «Пагоня», на здымках свечка на памяць Аляксея Навальнага, здымкі з Беларускай рэвалюцыі 2020 году. «Светапоглядам Аляксеева пазначаны лозунг «За свабодную Беларусь», – адзначае выданне «Наша Ніва», якое пашукала інфармацыю пра Мікалая Аляксеева ў інтэрнэце.

«Гісторыя Мікалая Аляксеева… у чарговы раз кажа нам – усходняя суседка небяспечнае месца для людзей, якія падтрымліваюць беларускі пратэст», – напісаў у сваім інтэрнэт-пабліку Андрэй Стрыжак, праваабаронца, кіраўнік арганізацыі BYSOL. Той самай, якая эвакуюе беларусаў у бяспечныя краіны.

«Кожны хто робіць свядомы выбар заставацца там (у Расеі) – павінны разумець узроўні пагрозы. Ніхто не застрахаваны ад таго, што расейскія мянты начытаюцца вашых сацсетак і «выпадкова» застрэляць вас пры затрыманні. Як вы разумееце, як там было насамрэч, мы даведаемся толькі пасля таго як адкрыюцца архівы», – падсумоўвае Андрэй Стрыжак.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя