BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вадзім Мажэйка: Мы бачым, як палітыкі ўключыліся ў канкурэнцыю

Госць Рацыі — палітычны аналітык Вадзім Мажэйка. Паразмаўлялі з ім пра выбары ў Каардынацыйную раду.

РР: Неўзабаве адбудуцца выбары ў Каардынацыйную раду. Ці былі жаданні паўдзельнічаць?

Вадзім Мажэйка: Не, у выбарах у Каардынацыйную раду я не ўдзельнічаю. Хоць мне прапаноўвалі ўвайсці, калі яе стваралі ў другім скліканні. Але я ўсё ж такі палітычны аналітык. І толькі назіраю за гэтым працэсам.

Мы бачым, як палітыкі ўключыліся ў канкурэнцыю. Гэта безумоўна добра. Гэта лепш чым суцэльная стагнацыя і нецікаўнасць. Апошнія тыдні бачыў, што палітыкі змагаліся, хто ў чыім спісе пойдзе, хто з кім можа тэарэтычна засябраваць у будучыні. Гэта сапраўды важныя навыкі і досвед для палітыкаў. І таму ў гэтым сенсе ўжо карысныя выбары ў Каардынацыйную раду.

І мне асабіста здаецца, у чым будзе асноўны плюс гэтых выбараў, — гэта тое, што мы пабачым, хто чаго варты. Мы ўжо бачым пэўную рэструктурызацыю беларускага палітычнага поля, бо да гэтага мы бачылі, што існуе Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінет, але калі казаць пра парламенцкі фармат, то ўсё ж такі не хапала хоць нейкай працэдуры выбараў, якая падмацоўвала б легітымнасць, і безумоўна не хапала ўвогуле сярод палітычных структураў разумення, хто зараз на якой ступені, хто зараз якім рэсурсам, падтрымкай карыстаецца, бо мы бачылі, што да апошняга часу ствараліся вельмі розныя структуры. Хтосьці заставаўся штабамі з выбараў 20-га года, умоўна штаб Цапкалы, ці Бабарыкі. З іншага боку заставаліся нейкія старыя палітычныя сілы, рухі і партыі, якія часам між сабой раз’ядноўваліся, спрачаліся. І было невідавочна каго яны ў прынцыпе прадстаўляюць.

А зараз тут два важныя моманты. Па-першае, замест раз’яднання пачаліся аб’яднанні. Бо калі ты хочаш скласці моцны спіс, то табе трэба аб’ядноўвацца, а не бясконца дзяліцца. І па-другое, мы зараз пабачым па выніках выбараў у Каардынацыйную раду, якім рэсурсам карыстаюцца розныя палітычныя дзеячы. Безумоўна, тут гаворка будзе не пра абсалютныя лічбы, але будзе бачна, што гэтыя людзі маюць падтрымку Х, а гэтыя – 10Х, у дзесяць разоў большую. І гэта будзе нешта пра іх казаць.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.