BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы перамаглі на старце турніру па пляжным футболе ў Санкт-Пецярбургу

Каманда Беларусі пераможна пачала выступленне на перадсезонным турніры па пляжным футболе “Вясновы Пецярбург”, у якім бяруць удзел дзесяць калектываў. У стартавым паядынку папярэдняй групы У беларусы атрымалі валявую вікторыю над маскоўскім клубам “Строгіна” 5:3. Масквічы выйшлі наперад у канцы першай трэці матча, а потым беларуская дружына забіла чатыры мячы запар. Спачатку лік зраўняў гуляючы трэнер Вадзім Бокач, а затым Андрэй Вадаевіч на працягу трох хвілін аформіў хет-трык. У заключным перыядзе супернікі скарацілі разрыў да мінімуму, але потым Юрый Пятроўскі пяты раз забіў за беларусаў, зняўшы ўсе пытанні аб пераможцы.
Наступным супернікам беларусаў будзе чэмпіён Расіі піцерскі “Крышталь”, за які выступаюць беларусы Ігар Брыштэль і Алег Гапон.

Харватыя і Нідэрланды выйшлі ў фінальную частку чэмпіянату свету па міні-футболе

У Еўропе разыграны апошнія пуцёўкі ў фінальную стадыю чэмпіянату свету па міні-футболе, які пройдзе восенню ва Узбекістане. У стыкавых паядынках зборная Харватыі была мацней за каманду Польшчы: у польскім Кашаліне харваты выйгралі з лікам 3:2, а ў Заграбе супернікі згулялі ўнічыю – 2:2. Яшчэ больш упартай была барацьба ў іншай пары плэй-оф. У першым матчы ў Алмеры каманды Нідэрландаў і Фінляндыі разышліся мірам – 1:1, у сустрэчы ў адказ у фінскім Вантаа таксама была зафіксавана нічыя – 4:4, і толькі ў серыі пасляматчавых пенальці “аранжавыя” здолелі дабіцца поспеху – 5:4.

Сабаленка прабілася ў 1/4 фіналу турніру WTA-500 у Штутгарце

Другая ракетка планеты Арына Сабаленка прабілася ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 922 тысяч даляраў. У матчы другога раунда з іспанскай тэнісісткай Паўлай Бадосай беларуска выйграла першую партыю на тай-брэйку 7:6 (7:4), у другім сэце саступіла – 4:6, а ў вырашальнай партыі пры ліку 3 :3 іспанка не змагла прадоўжыць сустрэчу з-за траўмы. У паядынку за выхад у паўфінал Сабаленка сустрэнецца з пераможцай сённяшняй сустрэчы паміж чэшкай Маркетай Вандроўшавай і расіянкай Анастасіяй Патапавай. Арына Сабаленка гуляла ў фіналах трох папярэдніх турніраў і тройчы прайгравала.

Беларускія баксёры стартуюць на чэмпіянаце Еўропы ў Бялградзе

У сталіцы Сербіі Бялградзе стартуюць 46-ы чэмпіянат Еўропы па боксе сярод мужчын і 14-е першынства кантынента сярод жанчын. Удзел у спаборніцтвах прымуць больш за 400 спартоўцаў з 33 краін. Нашу каманду ў Сербіі прадставяць чатырнаццаць атлетаў – восем хлопцаў і шэсць дзяўчат. Мужчыны разыграюць медалі ў 13 катэгорыях, жанчыны вызначаць наймацнейшых у 12 вагах. З 18 па 23 красавіка на чэмпіянаце Еўропы па боксе адбудуцца папярэднія баі.

Беларускае Радыё Рацыя