BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Хакеісты “Брэста” абыгралі “Ліду” на старце раўнда плэй-ін экстралігі

У беларускай хакейнай экстралізе стартавала стадыя плэй-ін, падчас якой вызначацца два астатнія ўдзельнікі розыгрышу плэй-оф. У раўндзе плэй-ін гуляюць каманды, якія занялі ў рэгулярным чэмпіянаце месцы з сёмага па дзясятае. Пуцёўкі ў чвэрцьфінал атрымаюць пераможцы міні-серый да дзвюх перамог. Першую адборавую пару склалі хакеісты «Брэста» і «Ліды», дэбютны паядынак адбыўся на поўдні краіны. Стартавыя паўгадзіны скончыліся ўнічыю 1:1 – на гол форварда гаспадароў Дзяніса Цыганава адказаў нападаючы «рыцараў» Уладзімір Міхайлакі. Далей у матчы тройчы запар закідвалі гульцы берасцейскага клуба, а менавіта Арцём Серада, Фёдар Качан і Усевалад Кашкар. Напрыканцы сустрэчы госці намаганнямі Антона Грышанава крыху скарацілі адставанне, але на зыход гульні гэты дакладны кідок не паўплываў. Фінальны лік – 4:2 на карысць паўднёўцаў. Другі паядынак у гэтым супрацьстаянні адбудзецца 3 сакавіка ў «Лідзе».

НХЛ. Аляксей Протас набраў «-1» у матчы, у якім «Вашынгтон» перамог «Філадэльфію»

«Вашынгтон» на сваёй пляцоўцы саступіў «Філадэльфію» – 5:2. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас правёў на пляцоўцы 16 хвілін 40 секунд, нанёс тры кідкі і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1». Протас правёў у гэтым сезоне 58 паядынкаў, набраў 26 (5+21) ачкоў, паказчык карыснасці – «-2». «Вашынгтон» жа, у 59 баталіях набраўшы 65 балаў, займае 9-е месца ва Усходняй канферэнцыі.

Менскае і маскоўскае «Дынама» пачынаюць серыю першага раунда плэй-оф Кубка Гагарына

Хакеісты менскага «Дынама» сёння правядуць першы паядынак у серыі да чатырох перамог супраць маскоўскіх аднаклубнікаў у чвэрцьфінале Заходняй канферэнцыі КХЛ. Стартавы матч дынамаўскага дэрбі ў плэй-оф пройдзе ў Маскве на «ВТБ Арэне». Падначаленыя Дзмітрыя Квартальнава замкнулі васьмёрку лепшых каманд канферэнцыі, адстаўшы ад суперніка на 29 балаў. Па ходу сезона менчукі і масквічы гулялі паміж сабой чатыры разы, і ва ўсіх выпадках мацней былі хакеісты расейскай каманды.

Экс-брамнік берасцейскага «Дынама» будзе трэнерам у «Ніве» з Долбізна

Вядомы галкіпер Сяргей Астапчык увойдзе ў трэнерскі штаб «Нівы» з Долбізна, якая выступае ў другім дывізіёне чэмпіяната Беларусі і будзе працаваць з брамнікамі. Апошнім часам 50-гадовы Астапчык працаваў у футбольнай школе берасцейскага «Дынама», дзе і працягне працаваць, сумяшчаючы дзве пасады. Сяргей Астапчык правёў больш за 200 матчаў у вышэйшай лізе, выступаючы пераважна за рэчыцкі «Ведрыч», берасцейскае «Дынама» і магілёўскае «Дняпро».

Чэмпіянат Італіі. «Лацыё», страціўшы трох гульцоў з-за чырвоных картак, саступіў «Мілану»

У матчы 27-га тура чэмпіянату Італіі па футболе «Лацыё» на сваім полі прайграў «Мілану» з лікам 0:1. У складзе гаспадароў тры гульцы ўбачылі перад сабой чырвоныя карткі. «Мілан» з 56 ачкамі ідзе на трэцім месцы ў турнірнай табліцы, «Лацыё» з 40 баламі займае 8-ю пазіцыю.

Беларускае Радыё Рацыя