Чэмпіёнам Беларусі па хакею трэці раз запар стаў жлобінскі «Металург», які выйграў серыю ў «Брэста». У стартавым перыядзе супернікі распісалі нічыю. У наступнай траціне хакеісты таксама доўгі час абыходзіліся без галоў, але за тры хвіліны да адпраўкі на другі перапынак здарыўся ключавы момант – шайбу ў брамку «Брэста» адправіў нападнік «Металурга» Канстанцін Лукін. Заключны перыяд пачаўся для «зуброў» найгоршым чынам: ужо праз 20 секунд пасля выхаду з раздзявалак перавагу гасцей падвоіў Аляксандр Хаванаў. У «Брэста» заставалася дастаткова часу на выратаванне, але прабіць галкіпера суперніка Сяргея Бальшакова падначаленыя Сяргея Пушкова так і не змаглі. Жлабінчане ж паспелі правесці яшчэ дзве выніковыя атакі: спачатку аўтарам шайбы пры гульні ў большасці стаў Лукін, які аформіў дубль, а за секунду да сірэны Арцём Анціпаў усталяваў канчатковы лік кідком у пустую брамку. Такім чынам, 4:0 і тыя ж 4:0 у серыі – «Металург» захоўвае званне наймацнейшай каманды Беларусі.
Футбалісты ПСЖ і «Барусіі» прабіліся ў паўфінал Лігі чэмпіёнаў
Два іспанскія клубы выбылі з Лігі чэмпіёнаў пасля чвэрцьфінальных паядынкаў. Футбалісты «Барселоны» пасля выязной вікторыі з лікам 3:2 не змаглі ўтрымаць перавагу, саступіўшы французскаму «Пары Сэн-Жэрмэн» з вынікам 1:4. Дубль аформіў лідар парыжан Кіліян Мбапэ, які з 8 забітымі мячамі ўзначаліў бамбардзірскую гонку Лігі чэмпіёнаў. Мадрыдскі «Атлетыка» пацярпеў фіяска ў Дортмундзе, прайграўшы нямецкай «Барусіі» з лікам 2:4. У іспанскай сталіцы «Атлетыка» выйграў з мінімальнай перавагай – 2:1. Яшчэ два чвэрцьфіналы ў адказ адбудуцца сёння. Дзеючы трыўмфатар Лігі чэмпіёнаў англійскі «Манчэстэр Сіці» прыме на сваім полі 14-разовага пераможцу галоўнага кантынентальнага турніру мадрыдскі «Рэал». Тыдзень таму іх паядынак у іспанскай сталіцы завяршыўся баявой нічыёй – 3:3. У Мюнхене «Баварыя» згуляе з лонданскім «Арсеналам», у брытанскай сталіцы яны таксама не выявілі пераможцу – 2:2.
Радзікоўскі прызнаны лепшым іграком 4-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Дзмітрый Радзікоўскі прызнаны найлепшым гульцом 4-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможным гасцявым паядынку з «Іслаччу» 18-гадовы расейскі нападнік дзяржынскага «Арсенала» забіў два мячы і прынёс сваёй камандзе першую вікторыю ў гэтым першынстве – 2:0. Цяпер у «Арсенала» 5 ачкоў і 6-я пазіцыя ў турнірнай табліцы. Аўтарам самага прыгожага гола мінулага ўік-энду стаў камерунскі нападнік «Нёмана» Леанард Гвет. На 29-й хвіліне сустрэчы ў Магілёве ён эфектным ударам у падзенні адкрыў лік у гульні з «Дняпром», што дапамагло гарадзенскай камандзе здабыць чацвёртую перамогу запар.
Беларускія гандбалісткі саступілі расейкам у першым спарынгу ў Астрахані
Беларускія гандбалісткі прайгралі камандзе Расеі ў першым таварыскім матчы. Толькі ў самым пачатку сустрэчы на паркеце астраханскага спарткомплексу «Зорны» беларускі гулялі на роўных, а потым гаспадыні поўнасцю завалодалі ініцыятывай і ў выніку выйгралі з перавагай у шэсць мячоў – 31:25. Сёння падначаленыя Валерыя Пяўніцкага зноў сустрэнуцца з расейкамі на той жа арэне.
Валейбалісткі «Мінчанкі» прайгралі першы матч суцяшальнага турніру Суперлігі
У Краснадары пачаўся турнір за 9-14-е месцы жаночай расейскай валейбольнай Суперлігі, удзел у якім прымае «Мінчанка». Па выніках рэгулярнага чэмпіянату беларускія дзяўчаты занялі перадапошні 13-ы радок у турнірнай табліцы. Згодна з рэгламентам, усе каманды, якія не трапілі ў зону плэй-оф, адправіліся ў міні-турнір за 9-14-е месцы сезона. Першы з пяці матчаў кругавога турніру беларускі праводзілі супраць краснаярскага «Енісея», які скончыў «гладкі» сезон на 10-й пазіцыі. Беларускі ў выніку прайгралі ў вырашальнай пятай партыі 8:15 і выніковыя 2:3.
Беларускае Радыё Рацыя