Ноччу адбыліся матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. «Калгары» Ягора Шаранговіча і Іллі Салаўёва перамог «Сан-Хасэ» 5:1. Шаранговіч правёў на лёдзе 17 хвілін 32 секунды , нанёс 4 кідкі, здзейсніў 2 перахопы, выйграў абодва ўкідванні і зарабіў паказчык карыснасці «0». Салаўёў правёў на лёдзе 16 хвілін 14 секунд, нанёс 2 кідкі, заблакаваў 3 кідкі суперніка, ужыў 2 хіты і зарабіў паказчык карыснасці «0».
Пасля заканчэння сустрэчы Салаўёў быў пераведзены ў фарм-клуб. У НХЛ Салаўёў правёў 10 гульняў, набраў 3 (0+3) ачкі. «Калгары» па выніках рэгулярнага чэмпіянату заняў 11-е месца ў Заходняй канферэнцыі.
52-гадовы Ярамір Ягр забіў гол у чэмпіянаце Чэхіі і паставіў сусветны рэкорд
52-гадовы форвард «Кладна» Ярамір Ягр выйшаў на лёд у сустрэчы плэй-оф за права застацца ў чэшскай Экстралізе з ХК «Всецін». На 2-й хвіліне першага перыяду Ягр адкрыў лік у матчы, закінуўшы сваю першую шайбу ў гэтым сезоне. У другім перыядзе чэшскі форвард адзначыўся выніковай перадачай. Сустрэча завяршылася перамогай «Кладна» з лікам 7:2. Як паведамляе журналіст Здэнэк Янда на сваёй старонцы ў Х, Ягр стаў самым узроставым дзейным хакеістам, які згуляў у прафесійнай лізе. Яраміру 52 гады і 63 дні. Ён палепшыў вынік Гордзі Хоу, які ва ўзросце 52 гадоў і 11 дзён гуляў у НХЛ.
Легендарны Ягр браў удзел у 1733 матчах рэгулярнага чэмпіянату НХЛ і набраў 1921 (766+1155) бал, двойчы заваёўваў Кубак Стэнлі ў складзе «Піцбург Пінгвінз». Са зборнай Чэхіі ён станавіўся алімпійскім чэмпіёнам і двойчы — чэмпіёнам свету.
Фалей прайграла ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Партугаліі
Беларуская тэнісістка Алена Фалей завяршыла выступы на турніры WTA-125 у партугальскім Аэйрашы з прызавым фондам 164 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале беларуска, якая займае 202-е месца ў сусветным рэйтынгу, прайграла ў дзвюх партыях прадстаўніцы Нідэрландаў Сюзан Ламенс, у якой 163-я пазіцыя, – 4:6, 1:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 23 хвіліны.
У Смаргоні і Барысаве пройдуць стартавыя матчы 5-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Стартавыя паядынкі 5-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі пройдуць у Смаргоні і Барысаве. На полі стадыёна “Юнацтва” футбалісты “Смаргоні” сустрэнуцца з гасцямі з “Гомеля”. У мінулым туры смаргонская каманда згуляла ўнічыю ў гасцях у наваполацкага “Нафтана”, а гамяльчане саступілі на сваёй арэне дзейным чэмпіёнам краіны менскім дынамаўцам. У другім матчы барысаўскі БАТЭ на хатняй арэне будзе супернічаць з магілёўскім “Дняпром”. На мінулым тыдні барысаўчане саступілі ў Жодзіне мясцовым тарпедаўцам, магіляўчане прайгралі на сваёй арэне гарадзенскаму “Нёману”.
Італія будзе мець 5 прадстаўнікоў у наступным сезоне Лігі чэмпіёнаў
Гэта стала магчымым за кошт выхаду «Ромы» і «Аталанты» ў паўфінал Лігі Еўропы, «Фіярэнціны» – у 1/2 фіналу Лігі канферэнцыі і вылету з еўракубкаў «Ліверпуля» і «Вэст Хэма». Дзякуючы гэтаму Італія адарвалася ад трэцяй Англіі ў сезонным рэйтынгу ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА, а з сезона 2024/25 два дадатковыя месцы ў турніры атрымліваюць краіны, якія занялі два першыя месцы ў рэйтынгу выключна папярэдняй кампаніі. Далей пасля Італіі ў рэйтынгу ідуць Германія, Англія і Іспанія.
Беларускае Радыё Рацыя