BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Славія» замацавалася на першым месцы ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты мазырскай «Славіі» замацаваліся на першай пазіцыі ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Лідары першынства перамаглі на сваёй арэне дзяржынскі «Арсенал» з лікам 3:0. На 19-й хвіліне гульні вызначыўся Крысціян Дрос, а пасля перапынку Іван Грудзько аформіў дубль. Пасля гэтай вікторыі падначаленыя Івана Біёнчыка набралі 16 ачкоў, жодзінскія тарпедаўцы адстаюць на тры балы. Футбалісты «Гомеля» здабылі другую перамогу. Гамельчане перайгралі гасцей з ФК «Мінск» з лікам 2:0. У першым тайме вызначыўся Андрэй Рылач, а пасля перапынку вынік сустрэчы падвёў Родзі Эфаге. Мінчане пацярпелі чацвёртую паразу ў шасці стартавых сустрэчах.

Фурман стала чэмпіёнкай Еўропы па акадэмічным веславанні, Клімовіч заваявала алімпійскую ліцэнзію

Беларуска Алена Фурман заваявала золата чэмпіянату Еўропы па акадэмічным веславанні 2024 года, які завяршыўся ў венгерскім Сегедзе. Беларуска спаборнічала ў неалімпійскай дысцыпліне – адзіночцы лёгкай вагі. У вырашальным заездзе Алена святкавала ўпэўненую перамогу. Акрамя таго, у нядзелю на вяслярным канале ў Сегедзе адбылася алімпійская кваліфікацыйная рэгата, на якой мужчыны і жанчыны разыгрывалі па тры пуцёўкі на Гульні-2024. Пераможцай у жаночай адзіночцы і ўладальніцай квітка ў Парыж стала Таццяна Клімовіч, якая фінішавала з 10-секундным запасам над прадстаўніцамі Азербайджана і Украіны.

Шкурын адзначыўся голам у матчы супраць «Легіі»

«Сталь» Мелец Іллі Шкурына прымала «Легію» ў матчы 30-га тура чэмпіянату Польшчы. Беларускі нападнік гаспадароў адзначыўся голам на 39-й хвіліне сустрэчы, зрабіўшы лік 1:1. Але затым варшаўская дружына забіла яшчэ два галы і перамагла 3:1. Адзначым, што Шкурын забівае ў другім туры запар. Усяго ў гэтым сезоне на рахунку беларуса 14 галоў і 5 галявых перадач у 29 турах чэмпіянату.

Беларускія футбалісты выйгралі турнір развіцця УЕФА ў Менску

Юнацкая зборная Беларусі (U-16) стала пераможцам турніру развіцця УЕФА, які завяршыўся ў Менску. У заключным паядынку падначаленыя Валерыя Апанаса абыгралі аднагодкаў з Узбекістана з лікам 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў пачатку другой паловы сустрэчы: спачатку Мухамадалі Мусаханаў зрэзаў мяч у сваю браму, а потым вызначыўся Ян Прыёмка. Гэта трэцяя вікторыя беларусаў: у стартавым матчы яны разграмілі каманду Азербайджана 4:0, а потым таксама ўпэўнена перайгралі зборную Таджыкістана – 5:1.

Гарадзенскі «Камунальнік-ДРГУ» выйшаў у фінал жаночага чэмпіянату краіны па валейболе

У чэмпіянаце Беларусі па валейболе сярод жаночых каманд стаў вядомы другі фіналіст сезона-2023/24 – ім стаў гарадзенскі «Камунальнік-ДРГУ». У паўфінальнай серыі да трох перамог дзяўчаты з Гародні сустракаліся з пераможцам рэгулярнага чэмпіянату «Прыбужжам». Дзве стартавыя гульні супрацьстаяння праходзілі ў Берасці, тады каманды абмяняліся вікторыямі. Напярэдадні на захадзе краіны адбыўся трэці матч, мацней у якім апынуліся гаспадыні пляцоўкі 3:1. Такім чынам, «Камунальнік-ДРГУ» перамог у пары з лікам 3:1. Супернікам гарадзенскага клуба ў супрацьстаянні за нацыянальны тытул будзе дзеючы чэмпіён «Мінчанка», якая ў сваім паўфінале ўпэўнена прайшла магілёўскі «Камунальнік» 3:0.

«МІНСК» другі раз перамог баскетбалістаў «Рубона» ў 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі

Баскетбалістам «МІНСКА» засталася адна перамога над віцебскім «Рубонам» для выхаду ў фінал чэмпіянату Беларусі. У другім хатнім матчы паўфінальнай серыі дзейныя чэмпіёны краіны абыгралі віцеблян з лікам 86:57. На старце паўфіналу менчукі таксама былі мацней – 96:75. Трэці паядынак гэтых супернікаў адбудзецца 3 траўня ў Віцебску.

Беларускае Радыё Рацыя