“Рэйнджэрс” перамог з лікам 3:1. Лік у серыі стаў 3:0 на карысць “Рэйнджэрс”. Беларускі форвард правёў на лёдзе 12 хвілін 54 секунды, на яго рахунку адзін кідок па брамцы.
Чацвёртая гульня адбудзецца ў панядзелак, 29 красавіка
Шайба Іллі Салаўёва дапамагла фарму “Калгары” выбіць каманду Калячонка ў АХЛ
“Тусан Роўдранэрс” на хатняй арэне прайгралі “Калгары Рэнглерс” 3:4, вынік серыі: 0-2. У прайграўшых беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак нанёс 1 кідок і зарабіў паказчык карыснасці «-2». У плэй-оф у яго 2 гульні, карыснасць “-3”. У складзе пераможцаў беларускі абаронца Ілля Салаўёў закінуў шайбу, нанёс 2 кідкі і зарабіў паказчык карыснасці “+1”. У плэй-оф у яго 2 гульні, 1 (1+0) ачко, карыснасць “+2”.
Галкіпер “Металурга” Бальшакоў названы самым карысным гульцом плэй-оф
Сталі вядомы найлепшыя хакеісты рэгулярнага чэмпіянату і плэй-оф экстралігі сезона-2023/2024 на думку кіраўнікоў і галоўных трэнераў клубаў. Наймацнейшым абаронцам экстралігі быў названы хакеіст “Гомеля” Павел Воранаў, а звання найлепшага нападніка турніру быў удастоены форвард “Шахцёра” Міхаіл Шалагін, які пабіў шматгадовыя рэкорды экстралігі па колькасці галоў і набраных ачкоў за сезон. Акрамя таго, Шалагін быў прызнаны самым карысным гульцом рэгулярнага чэмпіянату, а найбольш каштоўным хакеістам плей-оф стаў галкіпер жлобінскага “Металурга” Сяргей Бальшакоў, які, да таго ж, быў названы найлепшым брамнікам экстралігі. Узнагароду “За адданасць хакею” заслужыў 40-гадовы нападнік наваполацкага “Хіміка” Аляксандр Жыдкіх, які з’яўляецца рэкардсменам экстралігі па колькасці згуляных матчаў.
Азаранка прайграла ў 1/16 фіналу турніру WTA-1000 у Мадрыдзе
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 800 тысяч еўра. У 1/16 фіналу беларуска, якая знаходзіцца на 26-м месцы ў сусветным рэйтынгу, саступіла іспанскай тэнісістцы Сары Сарыбес Торма, якая займае 55-ю пазіцыю, – 6:7 (0:7), 3:6. Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 50 хвілін. У матчы за выхад у чвэрцьфінал суперніцай іспанкі будзе першая ракетка планеты полька Іга Свёнтэк.
Гнедчык перамагла на трэцім этапе Кубка свету па пяцібор’і ў Венгрыі.
Беларуска Марыя Гнедчык стала пераможцай трэцяга этапа Кубка свету па сучасным пяцібор’і 2024 года, які праходзіць у сталіцы Венгрыі Будапешце. Усяго ўдзел у спаборніцтвах прынялі 84 дзяўчыны, з якіх фіналісткамі сталі наймацнейшыя 18, у тым ліку і Марыя Гнедчык. Беларуска паказала другі вынік у фехтаванні, затым адкацілася ў сярэдзіну пратакола пасля не самых удалых балаў па выніках плавання і верхавой язды. На старт лазер-рана Гнедчык выходзіла з адставаннем ад лідара амаль у паўхвіліны, але бег са стральбой атрымаўся ў Марыі значна лепш за ўсіх суперніц. Фінішную рысу беларуска перасекла першай з запасам 8 секунд над карэянкай Сен Сенмін. Тройку прызёраў замкнула італьянка Алена Мікелі.
Антоніа Контэ пагадзіўся ўзначаліць «Напалі» – Rai Sport
Экс-трэнер «Інтэра» і зборнай Італіі Антоніа Контэ гатовы ўзначаліць «Напалі». Як паведамляе Rai Sport, 54-гадовы спецыяліст гатовы заключыць з клубам трохгадовы кантракт з заробкам 6,5 мільёнаў еўра у год. Контэ таксама гатовы прыняць трансферную палітыку “Напалі” – малая колькасць кропкавых падпісанняў. На думку трэнера, «Напалі» валодае класным складам, якому проста неабходная ментальная перазагрузка. Нагадаем, апошнім месцам працы Антоніа Контэ быў лонданскі «Тотэнхэм». Італьянскі спецыяліст узначальваў англійскі клуб з 2021 па 2023 год. За сваю трэнерскую кар’еру Контэ выйграў восем тытулаў: пяць – з «Ювентусам», адзін – з «Інтэрам» і яшчэ два – з «Чэлсі».
“Напалі” займае восьмае месца ў турнірнай табліцы італьянскай Серыі А. Каманда набрала 49 ачкоў пасля 33 матчаў.
Беларускае Радыё Рацыя