BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алег Латышонак: Беларусь можа далучыцца да Заходняй цывілізацыі

У Беластоцкім універсітэце прайшла прэзентацыя кнігі прафесара Алега Латышонка «Усходняя Еўропа ў сутыкненні цывілізацый». А падчас яе адбылася і дыскусія на гэтую актуальную зараз тэму.

Алег Латышонак і Марыя Пшэломец

Гаворыць прафесар Алег Латышонак:

-Гэта ўжо вельмі доўгая гісторыя. Мяне самога цікавіла, хто я, як беларус, як праваслаўны, які жыве на Падляшшы, ці як Самюэл Ханцінгтон вызначыў, на сутыкненні цывілізацый, так што пачыналася з Ханцінгтона, а пасля пачаў больш дакладныя студыі. Асабліва пад уплывам нашых паразаў у выбарах і таксама Беларускага Народнага Фронту ў Беларусі. Чаму мы так прайграём? Чаму людзі нас не падтрымліваюць? Тады здавалася, што Ханцінгтон гэта добра тлумачыць, што Заходнюю цывілізацыю, заходнія каштоўнасці хочам прынесці людзям, якія належаць да іншай цывілізацыі. З часам я засумняваўся, але гадамі накопліваў лектуры, роздумы. Перш за ўсё я хацеў напісаць кніжку пра Беларусь у сутыкненні цывілізацый. Але аказалася гэтага так многа, што як бы першы том – гэта Усходняя Еўропа ў сутыкненні цывілізацый, а другі можа будзе ўжо толькі пра Беларусь. Прычым, у гэтай кніжцы, якая цяпер выйшла, я пішу як бачаць іншыя Усходнюю Еўропу. А наступная будзе пра тое, як самі беларусы бачаць сябе ў гэтым сутыкненні цывілізацый.

РР: На Вашую думку, якая перспектыва ў Беларусі з пункту гледжання працы над гэтай кнігай? Як яна Вам бачыцца зараз?

Алег Латышонак: Беларусь, паводле ўсіх даследчыкаў і стваральнікаў тэорыі шматлікасці цывілізацый, належыць да Усходняй цывілізацыі разам з Расеяй і Украінай. Тут можна толькі спрачацца, колькі заходняга ўплыву ў Беларусі, куды і калі ён сягаў, але не тое, ці Беларусь належыць да Заходняй цывілізацыі. Усе тыя людзі адказваюць адназначна – не належыць. Мне здаецца, што Беларусь можа далучыцца да Заходняй цывілізацыі, яна даволі развітая, і людзі даволі адукаваныя, і падрыхтаваныя да таго, каб да Заходняй цывілізацыі далучыцца, але ўсё ж такі той Усход таксама вельмі моцна цягне Беларусь у напрамку Расеі і цяпер перамагае, можна сказаць. Але тут нічога вечнага. Мяняецца гэта і з вякамі, і з дзесяцігоддзямі і нават з гадамі.

РР: А якое месца ў Падляшша ў гэтым падзеле цывілізацый?

Алег Латышонак: Падляшша – гэта якраз месца сутыкнення гэтых цывілізацыяў. Можа, не канфлікту, але дзе яны суседскія з Заходняй Еўропай, дзе заходне-еўрапейская – ў відзе каталіцызму, і Усходняя – у відзе праваслаўя. І гэта Ханцінгтон лічыў вельмі небяспечным.

Гэта ўжо другое выданне кнігі, якая была ўпершыню напісаная да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, якое рэзка змяніла геапалітычную карціну ва Усходняй Еўропе. Кніга выдадзеная Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку.

У дыскусіі пра кніжку Латышонка ўдзельнічалі Марыя Пшэломец, Яўген Мірановіч, Ежы-Марэк Навакоўскі.

Цалкам матэрыял:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя