BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чарговае затрыманне расейскага журналіста

У Мурманскай вобласці па падазрэнні ў супрацоўніцтве з ФБК Навальнага затрыманы журналіст Сяргей Карэлін, паведамляе Associated Press.

Фота: AP

Па звестках агенцтва, журналіста затрымалі яшчэ ў пятніцу, 26 красавіка. На наступны дзень суд адправіў яго пад арышт.

Карэлін 41 год. Ён мае грамадзянства Расеі і Ізраіля. Раней ён супрацоўнічаў з Associated Press і Deutsche Welle.

Як сцвярджае АР, Карэліна абвінавачваюць у падрыхтоўцы фота-і відэаматэрыялаў для публікацыі на ютуб-канале “Навальный Live”, які выкарыстоўваюць для публікацыі кантэнту Фонду барацьбы з карупцыяй, абвешчанага ў Расеі “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

Напярэдадні ў Маскве па такім жа абвінавачанні арыштавалі журналіста Канстанціна Габава, які працуе прадзюсарам службы навін інфармацыйнага агенцтва Reuters і супрацоўнічаў з «Белсатам». Паводле прэс-службы маскоўскіх судоў, яму ставяць у віну ўдзел у «экстрэмісцкай супольнасці» (частка 2 артыкула 282.1 КК).

У сакавіку 2024 года па абвінавачанні ва ўдзеле ў «экстрэмісцкай супольнасці» адправілі ў СІЗА журналістку выдання Sotavision Антаніну Фаворскую. Яе абвінавацілі ў зборы матэрыялу, вырабе і мантажы відэаролікаў і публікацый для ФБК.