BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ялта чакае

Нават ва ўмовах поўнамаштабнай вайны ўкраінскі шоу-бізнес не спыніў сваё развіццё. Некаторыя артысты сталі воінамі і валанцёрамі, некаторыя, хто працягвае канцэртную дзейнасць, адлічваюць усе ганарары на войска. А нехта не змог адаптавацца да ваеннага часу – альбо выехаў за мяжу, альбо зусім знік з інфармацыйнай прасторы. Пры гэтым не толькі страціў былую папулярнасць, але і выклікаў абурэнне гледачоў. Многія ўкраінскія дзеячы культуры вядомыя далёка за межамі сваёй краіны.

Напрыклад, Андрэй Хлыўнюк (лідар групы «Бумбокс»), рэжысёр і былы крамлёўскі палітвязень Алег Сянцоў, украінскі і крымскататарскі акцёр і рэжысёр Ахтэм Сеітаблаеў, украінскі тэлевядучы ліванскага паходжання, па адукацыі хірург, Даніэль Салем, музычны калектыў «Антыцела». У кагосьці з іх наогул не было вайсковага досведу, але гэта не перашкодзіла ім уступіць у шэрагі УСУ і Тэрытарыяльнай абароны і пайсці ваяваць. За два дні да пачатку вайны – 22 лютага 2022 года – «Бумбокс» сыгралі канцэрт у Марыупальскім драмтэатры, а праз тры тыдні Расея нанесла па гэтым тэатры бомбавы авіяўдар.

Музыкі з «Антыцел» пайшлі на фронт у поўным складзе. А днямі яны анансавалі канцэрт у Ялце 23 жніўня 2024 года – у Дзень Дзяржаўнага сцяга Украіны. І адкрылі продаж білетаў. Прычым анлайн-білеты купіць абсалютна рэальна. Канцэрт павінен адбыцца на стадыёне «Авангард». І, што галоўнае, ва ўкраінскай Ялце, з сіне-жоўтым сцягам і ўкраінскай музыкай. Франтмэн гурта Тарас Таполя ўпэўнены, што вызваленне Крыма ад акупацыі адбудзецца вельмі хутка. Самі ўкраінцы ў сацсетках горача абмяркоўваюць гэтую навіну: гавораць, сутнасць продажу білетаў – дапамога арміі, а не канцэрт. А яшчэ кажуць – можа, хлопцы з «Антыцел» нешта ведаюць? Бо яны ж на перадавой.