Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў польскім Сейме падчас экспозэ распавёў пра мэты Польшчы ў свеце. Прамову ён пачаў са згадкі пра вайну ва Украіне. „Польшча ўжо сутыкаецца з рознымі формамі гібрыднай агрэсіі“ – падкрэсліў ён.
— Насуперак расейскай прапагандзе, прычынаю агрэсіі супраць Украіны ёсць не пагрозы з боку NATO ці Захаду. Папраўдзе, імперскім планам Крамлю фактычна замінаюць каштоўнасці і стандарты, што мы рэпрэзентуем і абараняем. Дэмакратыя, адказнасць улады перад грамадзянамі, змаганне з карупцыяй. Расейскую ўладу жахае той факт, што гэтыя каштоўнасці блізкія і многім грамадзянам былога Савецкага Саюзу. Уладзімір Пуцін спасылаецца на міфічныя гісторыі шматвяковай даўніны, каб апраўдаць прэтэнзіі Расеі на землі сваіх суседзяў.
Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што ў пытаннях унутранай бяспекі ўлада, прэзідэнт і апазіцыя павінны супрацоўнічаць. „Бяспека нашага грамадства павінна нас аб’ядноўваць“ – заявіў Сікорскі. Ён падкрэсліў, што знешняя палітыка Польшчы павінна грунтавацца як на моцных стасунках з ЗША, так і з Еўразвязам. Ён падкрэсліў, што польскі ўрад павінен выкарыстоўваць у міжнародных адносінах «творчы напор».
Беларускае Радыё Рацыя