У Беластоцкім судзе пракурор запатрабаваў ад 1 да 3 гадоў пазбаўлення волі 17 фігурантам справы пра кантрабанду цыгарэтаў з Беларусі. Сярод падсудных — палякі і беларусы. Рашэнне суда чакаецца праз два тыдні, паведамляе Polskie Radio Białystok.
![](https://racyja.com/by/wp-content/uploads/2024/03/1-5.jpeg)
Паводле следства, кантрабандныя цыгарэты завозілі праз памежны пункт у Палоўцы ў 2017–2018 гадах. Расследаванне справы цягнулася некалькі гадоў. У складзе арганізаванай злачыннай групы было 18 чалавек. Цяпер фігурантаў 17, справу аднаго вылучылі ў асобнае вядзенне. 8 абвінавачаных — былыя супрацоўнікі мытні і падатковай службы. Іх абвінавачваюць у карупцыі і невыкананні службовых абавязкаў. Яны, як падлічыла пракуратура, атрымалі не меней за 12 тысячаў злотых (каля 3 тысячаў даляраў) за дазвол правозіць кантрабанду.
Амаль усе фігуранты сваёй віны не прызналі і адмовіліся даваць тлумачэнні і адказваць на пытанні.
Пракуратура запатрабавала пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго года ўмоўна да трох гадоў турмы, а таксама штрафы ў 40–50 тысячаў злотых (10–13 тысячаў даляраў); для колішніх службоўцаў — 5-гадовую забарону на працу ў дзяржаўных установах, яны таксама мусяць вярнуць суму хабару.