BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Каплічкі ў Рыбалах (гміна Заблудаў, Беластоцкі павет)

У вёсцы Рыбалы, што месціцца ў гміне Заблудаў, на Беласточчыне, ёсць дзве цікавыя праваслаўныя каплічкі.

Калі ехаць з Беластока ў бок Бельска-Падляшскага і ў самым пачатку вёскі збочыць у права і трымацца дарогі на суседнія Рэпнікі, роўна праз кіламетр ва ўрочышчы Пятрашкі, з права ад дарогі ў полі на безыменным ручаі стаіць каплічка.

Урочышча Пятрашкі – за знакам першы паварот на права ў бок Рэпнікаў.

Чаму мясцовыя жыхары вырашылі паставіць каплічку менавіта на гэтым месцы існуе некалькі версій.

Па адной з іх – матушка, жонка мясцовага святара была хворая на цяжкую хваробу і ачуняла толькі напіўшыся вады з гэтай крыніцы. І ў гонар гэтага, тут было вырашана паставіць каплічку.

Па іншай, задакументаванай версіі, з дазволу духоўных уладаў каплічка гэтая была пабудаваная ў 1864 годзе на сродкі прыхаджанаў рыбалоўскай царквы Святых Кузьмы і Дзям’яна. Паводле самага першага апісання, каплічка была драўляная, шасцігранная, крытая гонтаю. Унутры яе была студня, а тэрыторыя вакол яе агароджаная драўляным плотам. У капліцы вісеў абраз Маці Божай Жыватворнай Крыніцы. А над студняй на столі – выява Святога Духа у выглядзе голуба.

У 1926 годзе па ініцыятыве святара Іаакіма Ляшчынскага на месцы састарэлай каплічкі, была пабудаваная новая, таксама драўляная. Якая складалася з дзвух частак: алтара і прытвору з калодзежам. Архітэктура новай каплічкі гэтым разам была ўжо ў форме крыжа, а дах ужо быў крыты бляхаю. У 1948 годзе прыхаджанін Пётр Лукашук з Рыбалаў на свае сродкі адрамантаваў каплічку.

У выніку меліярацыі навакольных палёў і лугоў ў 1980-х гадах вада з каплічнай крыніцы пачала сыходзіць. Але тым не менш месца гэтае па-ранейшаму шануецца і даглядаецца.
Мне пашчасцілася пабываць тут у красавіку і заспець бурлівы ручай каля каплічкі, які нясе свае воды ў бок Рыбалаў, а далей у рэчку Нарву.

У 1988 годзе на сродкі Аляксандра Апалінскага быў перафарбаваны дах капліцы. Пазней умацаваныя падмуркі, а ў 1997 годзе уся капліца была распісаная. Набажэнствы з асвячэннем вады тут, як і здаўна, служацца два разы на год – у дзень Паловы Пяцідзясятніцы і на пачатку Спасаўскага посту. У гэтыя дні адбываюцца ўрачыстыя працэсіі ад царквы ў Рыбалах да капліцы ў Пятрашках.

Пасля Другой сусветнай вайны за камуністычнымі часамі гэтая традыцыя была забароненая і аднавілася толькі ў канцы 1980-х гадоў.

Капліца-студня ў Рыбалах

На галоўнай вуліцы Рыбалаў, прыкладна ў 200 метрах ад прыхадской царквы Святых Кузьмы і Дзям’яна ёсць капліца-студня.

Што цікава, стаіць яна на тым самым безыменным, але ўжо набраўшым больш вады, ручаі, што і папярэдняя каплічка ў Пятрашках. Але пабудаваня яна на тры дзясяткі гадоў пазней – вясною 1894 года, на месцы звычайнай студні, якая тут ужо была здаўна і якой карысталіся рыбалоўцы.
Як сведчыць запіска ў бельскім царкоўным дэканаце ад 23 лістапада 1893 года, духоўныя ўлады далі дазвол на пабудову на гэтай студні – каплічкі у связі з асвячэннем у ёй вады на Вадохрышча і на Палову Пяцідзясятніцы. З часам каплічка была адрамантаваня, гонта на даху замененая на ацынкаваную бляху.

Унутры яе размешчаны абраз Божага Хрышчэння. На столі, як і ў папярэдняй каплічцы, выяўлены Святы Дух у выглядзе голуба. Унутры яе студня. Звонку пад дахам раслінныя арнаменты, выразаныя з ліпы мясцовым майстрам Пятром Данілюком з Канюкоў.

На свята Вадохрышча ладзіцца працэсія ад царквы да каплчікі і асвячэнне вады. За камуністычнымі часамі гэтая традыцыя адбывалася толькі з дазволу ўладаў.

Месцы – вартыя таго, каб іх наведаць!

Радыё Рацыя. Юрась Дзяшук. Рыбалы (Падляшша)