BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Зянон Пазьняк: Галоўны фактар расколу БНФ – знешнепалітычны

У праграме “Вочы ў вочы” прапануем вашай увазе другую частку вялікай гутаркі з беларускім грамадзка-палітычным лідарам, ідэолагам нацыянальнага Адраджэньня Зянонанам Пазьняком, якую мы запісалі разам з Алінай Андрыевіч. У сённяшнім адрэзку пра назву нашай краіны, пра сутнасць палітыкі Масквы, пра ролю Лукашэнкі ў найноўшай гісторыі і раскол Беларускага Народнага Фронту.

РР: Сённяшняя нашая дзяржава называецца Рэспублікай Беларусь. Якая назва была б ідэальная, можа БНР больш адпавядае? А ёсць яшчэ і трэцяя тэорыя і наратыў, што нам трэба вяртаць назву гістарычнай Літвы. У Вас, здаецца, былі свае прапановы, як аб’яднаць гэтыя назвы, і якая была б аптымальнай для нашай незалежнай дзяржавы?

– Беларуская Народная Рэспубліка – гэта назва таго часу, яна мае пад сабою пэўны сэнс. Рэспубліка Беларусь – больш сучасная назва, але сутнасць у тым, што ў назве дзяржавы пажадана, каб была адлюстравана яе гісторыя. У назве многіх краін такое ёсць: скажам у Турэччыне, Іране, нават у Ічкерыі, Аб’яднаным каралеўстве Вялікай Брытаніі падкрэсліваецца гэта. Таму вельмі важна гэта падкрэсліць, і калі мы стваралі Канстытуцыю, там мы ўнеслі гэта: пра тое, што нашая старажытная дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае, але камуністы гэта ўсё “парэзалі”.

– Я выступаў такім чынам, каб якраз унесці ў назву дзяржавы назву яе старажытную. Першасная назва Рэспубліка Беларусь, а другасная, поўная назва, як скажам у Вялікабрытаніі ці Ірляндыі, яна павінна ўключаць у сябе гістарычны аспект. Кшталтам Вялікае Княства Літоўскае Беларусь, напрыклад. Але як у нас у Канстытуцыі адзначана, краіна называецца Рэспубліка Беларусь, а кароткая назва – Беларусь. Гэта можна працягнуць. Бо гэта вельмі важна ў міжнародных адносінах, у культурных, для пакаленняў,.

Вельмі важна, каб была гісторыя адлюстравана, каб яна была відочнай. І таму калі гэта будзе ў назве, гэта будзе вельмі важна. Таксама важна, каб былі гістарычныя сімвалы. У нас велізарнейшыя геральдычныя традыцыі – там рыцарства было! Кожная шляхта, кожны рыцар меў герб, гэта велізарнейшая культура. Краіна, кожнае ваяводства мела герб, гарады, ратушы, усё. Гэта вялікая геральдычная культура, і гэта павінна быць адлюстравана. Таму гербам нашым з’яўляецца наш старажытны герб Пагоня.

І на падставе гэтага герба, на падставе яго колеру па законах геральдыкі, таксама пабудаваны наш бел-чырвона-белы сцяг, які выходзіць з нашых старажытных колераў, бо калі параўнаць – усё пачынаецца з народнай творчасці – бел-чырвона-белыя колеры былі ўвесь час. І Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі выдатна гэта разумеў, і па геральдычных законах прапанаваў бел-чырвона-белы сцяг. Гэта таксама адлюстраванне гісторыі. Паказвае, што гэта княства, што гэта краіна – моцная. Чалавек які нічога не ведаў, ён глядзіць – ага, тут коннік, тут нейкая гісторыя. А калі чалавек глядзіць на сцяг – а там аўтамат Калашнікава на сцягу. Ён думае, а што гэта такое? Гэта афрыканская краіна, якая ведаеце, узнікла з калоній Еўропы.

РР: Альбо ў новых гербах: батоны размяшчаюць з гайкамі часам…

– Ну так. Таму гэта трэба разумець, і наша вялікая культура павінна быць адлюстравана не толькі ў словах, але ў канкрэтных знаках. Гэта вельмі важна. Цяпер паглядзіце: як Арда ненавідзіць наш сцяг і наш герб. Як гэтыя халуі ардынскія: Лукашэнка і іншыя. Нават за колеры, нават не за сцяг, кідаюць чалавека ў турму. Як для іх гэта важна. А калі мы змагаліся за сцяг у 1990-ых гадах з камуністамі, яны крычалі: «якая чапуха, ім бы толькі флажкі!». Аказваецца, што не чапуха гэта ўсё, яны гэта цудоўна разумелі. Вось, што гэта значыць для нашай культуры, для народа.

РР: Калі вернемся зноў жа да гісторыі Беларускага Народнага Фронту чым быў абумоўлены раскол на дзве часткі: знешнімі фактарамі, ці ўнутранымі супярэчнасцямі і амбіцыямі, ці гэта была цэлая сукупнасць прычын? Гэта вельмі цяжкая, скажам так старонка ў гісторыі БНФ.

– Яна цяжкая, але яна простая: гэта абумоўлена знешнімі фактарамі, гэта геапалітычная барацьба. Гэта зрабіла маскоўская агентура, Масква, маскоўскія спецслужбы і немцы, нямецкія спецслужбы. Лукашэнка і ўся гэтая халуйская сістэма выступалі пасярэднікамі, але яны найбольш выйгралі ў гэтым. Пра гэта напісаная ўжо вялікая гісторыя, пра дзейнасць Ханса-Георгі Віка. Гэта чалавек, які ўзначальваў знешнюю разведку Нямеччыны, які быў прызначаны кіраўніком камісіі АБСЕ, што само па сабе вельмі дзіўна, каб прызначаць разведчыка ў АБСЕ.

А нямецкая палітыка здаўна каардынавала з імперскай расейскай палітыкай, і па сённяшні дзень каардынуецца. Таму тады была пастаўлена такая задача, каб Беларусь уключыць у стан Расеі, бо Расея дэмакратычная, а ў Беларусі, тут бачыце, дыктатура. І пра гэта адкрыта гаварыў Ханс-Георг Вік. Гэта зафіксавана, зафіксаваная ўся іхняя палітыка. Такім чынам гэта палітыка, на Віка былі спушчаныя вялікія грошы, вядомая нават сума, якая спушчана. І ён ў інтэрв’ю беларускай газеце нават прызнаўся, што гэтыя дзеянні па расколе БНФ узгадняліся з КДБ.

Я таксама тлумачыў, чаму ён прызнаўся. Ёсць элементарныя рэчы ў палітыцы. Якраз «загрымеў» Шродар, а Шродар – гэта агент КДБ, быў канцлерам Нямеччыны. Цуды ў гэтай палітыцы здараюцца, але для абывацеля гэта цяжка пераварыць, такі факт. Дык калі «загрымеў» Шродар, то Вік спалохаўся. Ясна, што ён так сябе павёў. Ён жа пайшоў у Газпром, яму далі там мільённы заробак. Была такая небяспека, што пачнецца расследаванне, і на Шродара ўжо некаторыя падалі ў суд. Таму было зробленае такое алібі: ён як бы сам расказаў пра гэта. Тут такая сітуацыя псіхалагічная: калі чалавек расказвае нешта між іншым, што так і так. Сам расказаў, і як быццам гэта нармальна. І таму ён расказаў пра тое, што з КДБ супрацоўнічаў, і гэтак далей. На гэта ніхто не звярнуў увагі. Такое бывае. Такое было з Шушкевічам, калі той расказваў, што дысертацыю напісаў па заказе КДБ. І доктарскую, і гэтак далей. Ніхто на гэта не звярнуў увагі, а мы ведалі, што залежны. Ён інтэлігентны чалавек, але часам разумныя інтэлігентныя людзі трапляюць у сеткі. Вось ён трапіў. Ён пра гэта сказаў, ніхто не звярнуў на гэта ўвагі...

Поўнасцю размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Працяг гутаркі з Зянонам Пазьняком слухайце праз два тыдні – 12 траўня.