BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Ціхія адраджэнцы»: Андрэй Юшкевіч

Андрэй Юшкевіч (1935 – 2018). Беларускі педагог, краязнаўца, патрыёт, летапісец беларускага свету ў фота і відэа.

Нарадзіўся ў вёсцы Казінцы, былога Жалудоцкага раёна. Ягоны бацька меў адукацыю, скончыў шчучынскі калегіум, пісаў вершы па-беларуску. На жаль, як згадвае ва ўспамінах, спадар Андрэй: «бацькавы вершы прапалі». У польскую школу не хадзіў. Скончыў Педагагічны інстытут у Гародні, фізіка-матэматычны факультэт.


У Галавачоўскай школе спадар Андрэй шмат гадоў працаваў настаўнікам і тры гады дырэктарам школы.
Упершыню мне давялося сустрэць яго на аўтобусным вакзале, дзе спадар Андрэй збіраўся, пасля нейкай беларускай нацыянальнай імпрэзы дахаты ў вёску Галавачы. Пазнаў мяне ён сам, прадставіўся. У гэтага, з выгляду пакамечанага лёсам вясковага інтэлігента, адчувалася зацятасць і прага падзяліцца ўласнымі дасягненнямі, якія сталі для яго пенсіянера мэтай жыцця. Вельмі хацеў ён зафіксаваць усе беларускія падзеі яго часу на фота- і відэа- плёнку.
Як ён апавядаў, спачатку меў камеру VHS, 8 мм. На ёй аматар з Галавачоў зняў багата фільмаў: «Пра Гародню», «Фэст нацыянальных культур», «Выступае «Бацькаўшчына», фільм пра Гудзевіцкі музей, запісаў спектакль «Тутэйшыя» гарадзенскага тэатра лялек, зрабіў фільм пра Алеся Белакоза, запісаў вечарыны Данчыка. Як бачым, аснова ягоных збораў і працы пры стварэнні фільмаў – гэта нацыянальная духоўная і матэрыяльная культура. Фільмы сталіся для яго працягам народнай педагогікі, прыцягненнем гледача да асноваў праўдзівага патрыятызму.
Апрача таго ягоным захапленнем была народная медыцына. Андрэй Юшкевіч быў экстрасэнсам міжнароднай катэгорыі. Валодаў медытатыўным кіруемым аўтатрэнінгам. Дапамагаў спартоўцам грэка-рымскае барацьбы. Вельмі спрыяў дасягненням алімпійскага прызёра Валерыя Цыленьця. Зняў і фільм з Вячаславам Максімовічам пра грэка-рымскую барацьбу. Як пенсіянер з вялікім стажам уключыўся ў дзейнасць дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў. Зняў фільм пра музей Быкава, а праз арганізацыю трапіў на з’езд беларускіх пісьменнікаў, пра што таксама зафіксаваў у відэа стужцы. Паспеў зняць Янку Брыля, ды іншых удзельнікаў таго зʼезду, выступы Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава, Вольгі Іпатавай. Хаця, згадвае, што адчуваў збянтэжана, але рабіў справу: імкнуўся зняць усіх літаратараў. Пасля таго спадар Андрэй напісаў верш:
О як маё палае сэрца,
Бо сёньня я сярод сяброў,
Няхай заўжды жыве свабода,
надзея, розум ды любоў..
Што да жыхароў вёскі Галавачы, дзе жыў Андрэй Юшкевіч, то там усё паводле “звыклага парадку”. На радзіме няма свайго прарока. Людзі былі абыякавыя да інтарэсаў і захапленняў спадара Андрэя. Напэўна для іх ён быў дзіваком. Нават раённая газета зрабіла, імаверна, замоўны артыкул, апублікаваўшы пра яго: «Дзівак і летуценнік» . Ну так, анягож. Калі ня можаш заткнуць рот беларуса, які нясе беларушчыну ў вёсцы – то зрабі з яго дзівака, ці маргінала!
Пры жыцці Андрэй Юшкевіч вельмі хацеў бы, каб ягоныя аматарскія фільмы прынеслі карысць грамадству, яе памяці: былі алічбаваны і дасяжны тым, хто хоча азнаёміцца з ягонай кронікай Беларушчыны. Але яны рабіліся ў «шуфляду». Скардзіўся, мне, што фільмы прапаноўваў паказаць у школе, дзе калісьці працаваў, але расейшчына выцесніла беларускі імпэт нават у глыбінцы, дзе яшчэ ёсць, фармальна беларускія школы і нібыта нацыянальны дух.
– Не цікавяцца сваім! Духоўнасць нікому не патрэбна. Вось ім дай кавалак мяса, гарэлкі – то гэта будзе добра. А фільмы, літаратура, духоўнасць…Ну разумееце…
Жыццё сваё спадар Андрэй дапаўняў  садоўніцтвам і пчалярствам.
– Мне хапае. Заўважаў пра стан свайго пенсійнага жыцця, – калі здолею мёду прадаць, то будуць лішкі.

Краязнаўцы Алесь Крой, Андрэй Юшкевіч, Іван Буднік

Не любіў спадар Андрэй горад. Бо «там жыве чалавек штучны, там няма дзе прыкласціся чалавеку». У яго засталіся сын і ўнукі. Пахаваны на могілках вёскі Галавачы побач з раней адыйшоўшай жонкай Кацярынай. Там ягоны помны знак – адзіны на пагост па-беларуску.
Чаму вучыў іншых, спадар Андрэй? Трымацца здаровага ладу жыцця, лекавацца зёлкамі ды мёдам, прышчапляць садовыя дрэўцы, верыць у Бога, любіць Беларусь-Вялікалітву!

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Папярэднія выпускі:

Аляксандр Місцюкевіч

Рыгор Фарманян

Яўген Петрашэвіч