BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія Адраджэнцы”: Міхась Амялішка

Міхась Амялішка. Васілёў сын, беларускі выкладчык, пісьменнік, стараста хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» ў Гародні (1929-2020).

Нарадзіўся Міхась Амялішка 14 траўня 1929 году у сяле Вольна Баранавіцкага павета, Наваградскага ваяводства. Але праз два тыдні сям’я пераехала ў вёску Бортнікі, што за 25 кіламетраў ад Баранавічаў, дзе прайшло ўсё дзяцінства Міхася. Школьныя гады пачаліся з пачатковай школы тых жа Бортнікаў, дзе скончыў тры класы. У часы ліхалеццяў прайшоў сем класаў адукацыі. А ўжо пасля вайны – скончыў сярэднюю школу ў Баранавічах. Па сканчэнні Гарадзенскага педагагічнага універсітэта працаваў настаўнікам фізікі ў Скідзелі.

З 1954 году і да пенсіі (1989) працаваў у Гарадзенскім аграрным інстытуце, пасьля – унівэрсітэце, старэйшым выкладчыкам.
На пенсію выйшаў у час палітыкі «Перабудовы», часу, калі грамадства, праз палітыку «Галоснасці», стала адкрываць для сябе табуяваныя тэмы ўласнага жыцьця, сваіх бацькоў. Прыадчынілася жалезная заслона з краінамі суседзямі Беларусі.
Міхась Амялішка, быў актыўным удзельнікам клубу «Паходня», адным з заснавальнікаў хору «Бацькаўшчына» (лістапад 1991 году), ягонм старастам (вёў журнал уліку наведванняў рэпетыцыяў). Прызнаны краніст гэтага хору – дзіўнай і ў нечым знакавай зьявы ў беларускай нацыянальнай культуры апошніх трыццаці гадоў ад здабывання незалежнасці краіны.
Зацята, педантычна, Міхась Амялішка складаў кроніку выступаў, арганізацыі хору, ягоных кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў.
Ніводная патрыятычная суполка, не аддала столькі зараду нацыянальнага запалу, гарту мясцоваму насельніцтву, як хор Беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына». Міхась Амялішка, адчуваў гэта, і падахвочваў, як належыць старасту, рэгулярна наведваць рэпетыцыі, якія праходзілі ў рознай інтэнсіўнасці, ад аднаго да трох разоў на тыдзень.
Занатоўваючы ўсе падзеі, зьвязаныя з хорам, напісаў кнігу «Гучыць наш хор» (1991 год), якая была перавыдадзена ў 2009-м. Кніга поўная напамінаў пра мітынгі, шэсці, удзел у мемарыяльных падзеях, набажэнствах, народных сьвятах (Каляды, Купальле).


Першым выступам хору, як згадвае Міхась Амялішка ў сваёй кнізе, быў на Каляды 1991 году. Цытую: «…ля праваслаўнага сабора і музея Элізы Ажэшкі. Нашы спевы выклікалі зацікаўленасць гараджан. Яны былі здзіўлены нашай смеласцю, таму што ў Гародні амаль 52 гады такога не назіралася. Пры саветах калядаванне забаранялася».

У цэлым рэгіёне музычнае мастацтва з нацыянальным зместам стала нармальнай зьявай. А замежныя выступы хору «Бацькаўшчына», у якіх браў удзел Міхась Амялішка адкрывалі свету беларускую мову – мілагучную і пяючую. Немцы, палякі, французы, датчане… Усе чулі патрыятычныя і гімнаграфічныя, рэлігійныя і народныя песні, канцэрты, дзе гучала беларушчына!!! Слёзы радасці й лёгкасць у сэрцы перажывалі гледачы пад-час выканання даўно схаваных ад людзей патрыятычных песень, народных абрадавых, а таксама рэлігійных ў выкананні хору. Удзячнасць, як харыстаў, гэтак і слухачоў-гледачоў была ўзаемная.
Дзякуючы імпэту хора «Бацькаўшчына», беларуская мова загучала ў бажніцах: Катэдры Францішка Ксавэрыя, у Парэчанскай царкве. Сіламі хору была адноўлена спеўная літургія Беларускай Царквы (Уніяцкай), якая ў нотах захоўвалася толькі ў эміграцыі, у Лонданскай Скарынаўскай бібліятэцы. Іх атрымала кіраўніца хору Вера Додзік (Кунцэвіч) ад Гая Пікарды.

Як згадвае спадар Міхась пра уключэнне ў рэпертуар хору даўняй беларускай вялікоднай песьні «Вялік святы нам дзень настаў..». Для яго слыху, гэта было вяртанне да дзіцячых гадоў, калі ў ягоную хату у вёсы Бортнікі ў першы велікодны дзень прыходзілі валачобнікі з гармонікам. І пачыналі воклічам: «Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос!». І пад гармонік пяялі: «Вялік сьвяты нам дзень настаў, са славай з гробу зазіяў..» І песня была даўжэзная, мела каля тузіна, а то і больш куплетаў.
Усе выступы хору беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына» напаўнялі годнасцю знявечаных русіфікацыяй душы, як беларусаў, гэтак і сьведчылі чужынцам, пра адметнасць высокага музычнага мастацтва, якое ішло ад нашага народа.
Хор, перастаўшы заяўляць пра сябе, пасля 15 год актыўнай працы, працягваў даваць, зрэдчасу канцэрты, ажно да дваццаціпяці годдзя існавання. Адзначыўшы тады развітальным канцэртам у вядомай гарадзенцам «сотцы»: вялікай залі, былой майстэрні мастака Змітра Іваноўскага на вуліцы Будзённага. У 2004 годзе памерла жонка Міхася Амялішкі, сталая удзельніца хору «Бацькаўшчына» – Лілія.

Юры Гумянюк, Міхась Амялішка і Іван Лепешаў

Міхась Амялішка як хрысціянін належыў да Беларускай Царквы (Уніяцкай). Лічыў, што ад веры беларускай, залежыць поспех у нацыянальнай справе.
Апошнія гады жыцця меў шмат клопатаў па сямейных справах. Але працягваў складаць кроніку, толькі ўжо ўласнай сям“і: шукаў вестак пра карані па кудзелі і па мячы. Напісаў кнігу ўспамінаў: «Заблудныя».
Памёр Міхась Амялішка у дзень свайго нараджэння 14 траўня, пражыўшы роўна 91 год. Пахаваны на гарадзенскіх могілках «Сакрэт». Вельмі значным у сваім жыцці ён прызнаваў тое, што меў шчасце жыць у той час, калі Беларусь вярнула сваю незалежнасць, што далучыўся да клуба «Паходня» і, найважней, што перайшоў на беларускую мову.

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Папярэднія выпускі:

Аляксандр Місцюкевіч

Рыгор Фарманян

Яўген Петрашэвіч

Андрэй Юшкевіч

Тамара і Аляксандр Талерчыкі