BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы на алімпіядах. Манрэаль-1976

Манрэальскія рэаліі 1976, Манрэаль, 21 медаль

Беларусы сталі прызёрамі ажно ў дзевяці розных дысцыплінах спорту.

На гэтым турніры ўзышла зорка гімнастыкі з Беларусі Нэлі Кім. Яна заваявала ажно чатыры медалі — тры залатыя (у камандавым першынстве, вольных практыкаваннях і апорным скачку) і адзін срэбраны (у шматбор’і). Чэмпіёнамі гульняў у канадскім горадзе былі каранаваныя веласіпедыст Уладзімір Камінскі (камандавая шашэйная гонка на 100 км), вясляр Уладзімір Раманоўскі (на байдарцы-двойцы ў пары з украінцам Сяргеем Нагорным, плюс срэбра таксама з ім на іншай дыстанцыі), гімнастка Вольга Корбут (на бервяне, на яе рахунку яшчэ срэбра ў практыкаванні на брусах), штангіст Валерый Шарый, стралок Аляксандр Газаў, фехтавальнікі Алена Бялова (у камандзе, плюс асабістая бронза), Віктар Сідзяк (у камандзе, плюс індывідуальная бронза). Другімі на сусветным спартовым форуме сталі плывец Сяргей Каплякоў (у эстафеце чатыры па 200 метраў), стралок Аляксандр Кедзяраў (у практыкаванні „Бягучы дзік”), рапірыст Аляксандр Раманькоў, трэцімі — лёгкаатлет Яўген Гаўрыленка, скакуны ў ваду Уладзімір Алейнік і Аляксандр Касянкоў.

Уладзімір Раманоўскі

Уладзімір Раманоўскі – нараджэнец Слоніма, пачаў займацца веславаннем у 12 гадоў, а ўжо ў 18 стаў чэмпіёнам Еўропы сярод юніёраў. Акрамя манрэальскіх медалёў (што цікава беларуска-украінскі дуэт спярша не хацелі браць на тую алімпіяду і нават стваралі перашкоды) за сваю спартовую кар’еру 2 разы быў чэмпіёнам свету, 7 разоў станавіўся чэмпіёнам Савецкага саюза, перамагаў на VII летняй Спартакіядзе народаў СССР. Раманоўскі быў узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і «Знак Пашаны».

Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры, працаваў старшым трэнерам, а затым – начальнікам нацыянальнай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ. У 1994-98 гадах быў дзяржтрэнерам, пазней падаўся ў камерцыю і зрабіў добры бізнес. Потым працаваў у Маскве. Памёр у 2013 годзе пасля цяжкай і працяглай хваробы ў веку 55 гадоў.

Аляксандр Кедзяраў

Аляксандр Кедзяраў родам з Чувашыі, але амаль усё яго жыццё звязанае з Беларуссю. Акрамя алімпійскага поспеху, ён сяміразовы чэмпіён свету, пяціразовы – Еўропы. Пасля выявіў сябе як добры выхавацель – доўга быў галоўным трэнерам беларускай стралковай дружыны. Досыць зычлівы чалавек, некалькі разоў даводзілася ў яго браць інтэрв’ю. Пачэсны грамадзянін Алатырскага раёну Чувашыі, а жыве ў Менску.

Уладзімір Камінскі

Уладзімір Камінскі, нараджэнец вёскі Цна пад Менскам, быў трэцім сынам у сям’і. У Манрэалі ў каманду акрамя яго ўваходзілі украінец Анатоль Чуканаў, расеец Валерый Чаплыгін і эстонец Аава Піккуус. Гэты інтэрнацыянальны кавартэт заваяваў золата, апярэдзіўшы каманду Польшчы на 20 секунд. Анекдатычна тое, што да пачатку гонкі савецкім раварыстам пагражала дыскваліфікацыя з-за парушэння ўзору экіпіроўкі. Пазней з-за высокай канкурэнцыі Камінскі ў зборную СССР не трапляў. Як чалавек вядомы сваёй прынцыповасцю, часам непрадказальнай, і адукаванасцю. Працуючы ў Акадэміі фізічнага выхавання і спорту, здолеў абараніць кандыдацкую дысертацыю. У 1996 годзе, праз 20 гадоў пасля сваёй алімпійскай перамогі, стаў галоўным трэнерам нацыянальнай каманды Беларусі па веласпорце. Але працаваў на гэтай пасадзе толькі тры гады. Апошнім часам пра Камінскага нічога не чуваць, зараз яму 74 гады.

Працягваем расказваць пра дасягненні беларускіх спартоўцаў на алімпіядах і іх лёсы.

Валерый Шарый

Валерый Шарый, нараджэнец Чэрвеня, першым з беларускіх штангістаў узышоў на п’едэстал алімпійскіх гульняў, прычым на верхнюю яго прыступку. У яго было няпростае дзяцінства, рос Валерый без бацькі, выхоўваў яго дзед-франтавік. Працаваў Шарый надзвычай зацята, па ўласным прызнанні за дзве трэніроўкі ў дзень падымаў ажно 32 тоны металу. Акрамя манрэльскага золата, яшчэ двойчы быў чэмпіёнам свету і Еўропы, тройчы – СССР. Усталяваў 13 рэкордаў свету і 15 – Савецкага саюзу. Пасля сканчэння кар’еры здолеў адкрыць школу цяжкаатлетаў свайго імя. Шарый так і застаўся савецкім чалавекам, ён вялікі прыхільнік Лукашэнкі і таго рэжыму, які зараз пануе ў Беларусі, зацята выступае ў іх падтрымку.

Аляксандр Газаў

Аляксандр Газаў па нараджэнні расеец. Стральбой захапіўся ўжо ў 12 год, хадзіў з бацькам на паляванне, потым пайшоў у спорт. Перад алімпіядай у Манрэалі самастойна мадэрнізаваў вінтоўку нямецкай фірмы «Вальтар», абрэзаўшы ствол да 42 сантыметраў. Гэта дало плённы вынік. Пасля сканчэння кар’еры нейкі час быў начальнікам стралковага ціра, потым звольніўся. Зараз яму 77 гадоў, жыве ў вёсцы Калодчына на Вялейшчыне, займаецца разьбой па дрэве.

Вольга Корбут пасля сканчэння выступаў доўга шукала сваё месца на радзіме, але пасля таго, як разваліўся Савецкі Саюз і адкрыліся межы, ад’ехала ў ЗША. Заснаваўшы ў горадзе Атланта гімнастычную акадэмію, некаторы час пачувалася ўпэўнена. Але пасля характар узяў сваё. У выніку — развод з мужам, вакалістам знакамітых „Песняроў” Леанідам Барткевічам (пасля чаго той вярнуўся на радзіму). Неўзабаве ў дурную гісторыю з падробкай грашовых купюраў трапіў сын Рычард. Пасля саму Корбут злавілі на дробным крадзяжы ў краме, пасля чаго знакамітую гімнастку сталі лячыць — ні то ад клептаманіі, ні то ад алкагольнай залежнасці. Пэўны час была пад пільным наглядам паліцыі. Так мінае зямная слава. Падрабязней пра Корбут расказвалася ў мінулым выпуску.

Сяргей Каплякоў

Сяргей Каплякоў – нараджэнец Воршы. Срэбра ў Манрэалі ён выйграў, калі меў усяго 17 гадоў. Яго трыумф настаў праз чатыры гады ў Маскве. Пасля завяршэння выступаў доўга трэніраваў дзяцей у Менскім гарадскім цэнтры алімпійскага рэзерву па плаванні. А ў 2015 годзе паехаў на падобную працу ў Пецярбург.

Бягун Яўген Гаўрыленка нарадзіўся ў Гомелі. Выступаў яшчэ на мюнхенскай алімпіядзе, дзе ў фінальным забегу на 400 метраў з бар’ерамі заняў высокае 6-е месца. У Манрэалі саступіў толькі двум амерыканскім атлетам і заваяваў заслужаную бронзу. Акрамя гэтага ён – чатырохразовы чэмпіён Савецкага саюзу.

Уладзімір Алейнік

Уладзімір Алейнік нарадзіўся ў Менску. Спярша займаўся футболам, прычым яго трэнерам быў Эдуард Малафееў. У Манрэалі, калі выйграў бронзу (саступіў толькі знакамітым італьянцу Клаусу Дзіабісі і амерыканцу Грэгу Луганісу), меў усяго 16 гадоў. Праз год заняў першае месца на чэмпіянаце Еўропы, а ў 1978 годзе стаў бронзавым прызёрам сусветнага першынства, яшчэ праз год перамог на ўніверсіядзе. Пасля сыходу са скачкоў у 1986 годзе Алейнік заняўся фрыстайлам. У 1987 годзе ён нават выйграў першы чэмпіянат і Кубак СССР па лыжнай акрабатыцы і ўдзельнічаў на этапах Кубку свету (вельмі рэдкасны ўніверсалізм у спорце!). У 1989 годзе узначаліў зборную Аўстрыі па фрыстайле і працаваў з ёй да 2002 года.

(працяг будзе)

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

Беларусы на летніх алімпіядах: ад Хельсінкі да Парыжа   

Беларусы на алімпіядах. Рым-1960

Беларусы на алімпіядах. Токіо-1964

Беларусы на алімпіядах. Мехіка-1968

Беларусы на алімпіядах. Мюнхен-1972