BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Іван Лепешаў

Іван Лепешаў, Якаўлеў сын (1924-2014), прафесар, педагог, мовазнаўца.

Яго, Івана Лепешава, параўноўваюць з вялікімі фалькларыстамі ХІХ-га стагоддзя. Кожнага дапытлівага філолага, прыцягваў, ды і прыцягвае ягоны даробак у сферы славянскай сутнасці Беларушчыны, яго гарачы інтарэс праз вывучэнне мовы беларусаў-вялікалітвінаў – спазнаць ісціну, як у сферы лінгвістыкі, гэтак і гісторыі. Іван Лепешаў высокамаральнымі ўчынкамі абуджаў з боку адных вялікую прыхільнасць, з боку іншых – паклёпы, нянавісць, нават з адценнем чорнай зайздрасці.
Яго, Івана Лепешава, у лік «ціхіх адраджэнцаў» можна паставіць толькі ўмоўна, і найперш з-за прыроднай сціпласці, бо ён быў у сваім коле досыць вядомым. Але ж у грамадска-культурным, палітычным жыцці ён заставаўся неяк на другім плане, амаль непрыкметным.
Нарадзіўся будучы прафесар у 1924 годзе, ў вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна. У 1940 годзе скончыў 8 класаў Ліцвінаўскай СШ, здаў экстэрнам экзамены за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, першы курс якога закончыў у 1941 годзе. Удзельнічаў у Другой святовай вайне, служыў у Чырвонай арміі. Быў двойчы паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і інш. У 1948 годзе скончыў на выдатна Аршанскі настаўніцкі інстытут, затым працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай СШ Гарадзенскай вобласці. Не прабыўшы году на пасадзе, яго звінавацілі ў нацыяналізме і пазбавілі ўзнагародаў. Быў рэпрэсаваны і 6 гадоў прабыў на савецкай катарзе. Гэты від працаў тады называлі інакш – «рознарабочым» у лагерах Прыморскага краю (1949 – 1955 гады). Забягаючы наперад, зацемлю, што толькі у 1962 годзе ён быў рэабілітаваны.
У 1956 годзе, вярнуўшыся ў Беларусь, уладкаваўся настаўнікам беларускай і расейскай моваў і літаратураў у школах Шчучыншчыны. Завочна скончыў на выдатна філфак Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1959 г.) і аспірантуру ў Менскім педінстытуце (1971 г.). Усе ягоныя знаёмыя вызначалі яго паважны і грунтоўны падыход да педагогікі, ён быў надзвычай шчырым з калегамі і са светам вакол сябе. Працуючы ў школе ў Берштах, апублікаваў у выдавецтве «Народная асвета» дзве кнігі, напісаў кандыдацкую дысертацыю. Узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы». З 1971 году ў Гарадзенскім педінстытуце (пасля універсітэце) спачатку выкладчыкам, затым дацэнтам (1973 г.), прафесарам (1986 г.). Асноўная тэматыка навуковых публікацый: фразеалогія і парэміялогія, мова мастацкай літаратуры, культура маўлення і стылістыка.
Вось якія першыя свае ўражанні пакінула пра прафесара Лепешава Наталля Гардзей, тады, аспірантка менскага інстытута мовазнаўства БССР: «На вуліцы Акадэмічнай-3 з’явіўся чалавек, якога мы ўбачылі на вахце. Высокі, прыгожы. Ён падыйшоў да нашага вахцёра, якога мы не любілі. Гэта была грубая, неахайная жанчына, якая ўвесь час ела. І да таго ж, яна была вельмі сярдзітая. І вось гэты чалавек, звярнуўся да яе: «Даражэнькая, ці не дасцё вы мне «уцюжок»? Трэба прывесці у парадак касцюм, заўтра ў мяне абарона». Гэтым чалавекам быў Іван Лепешаў з Гародні.
Яна, Наталля Гардзей, разам з іншымі аспірантамі, прысутнічала на абароне дысертацыі Лепешава: «Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічныя нормы», якая стала і трагічнай, і надзвычай паспяховай у жыцці спадара Івана.
– Упершыню, мы тады атрымалі урок, як трэба ўмець адстойваць ня толькі свае навуковыя погляды, але й сваю годнасць. У час абароны прагучаў водгук вядучай арганізацыі Гомельскага педінстытуту, у якім была прапанова да вучонай Рады ацаніць ня толькі навуковыя дасягненьні спашукальніка, але й яго маральны тып, выяўлены ў гады другой святовай вайны. Пасля зачытвання такога водгуку, павісла мёртвая цішыня. І толькі пасьля таго вучоны сакратар пачаў чытаць дакумант пра рэабілітацыю Лепешава… Але абарона пайшла іншым шляхам. Гэта было не прадстаўленне навуковых дасягненняў, а змаганне за сваю годнасць (Іванам Лепешавым)».
Аб’ёму працы і выніковасці гэтага гарадзенскага прафесара мог бы пазайздросціць цэлы інстытут. Але гэта аказалася па сілах аднаму адзінаму чалавеку. Двухтомнік фразеалагемаў, у які увайшлі 7000 устойлівых выразаў, сталі вельмі каштоўным зборам нацыянальнага мовазнаўства. Дзясяткі гадоў прафесар рыхтаваў збор фразеалагізмаў, які ўсё ж за яго жыццё убачыў свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Яму нялёгка было пагадзіцца з рэдактарам выдавецтва, яму як укладальніку слоўніка – выкінуць з набору больш за 500 устойлівых выразаў, якія палічылі крамольнымі, неадпаведнымі палітычнай каньюнктуры, якая склалася ў Беларусі. Цікава, што сваю місію ён бачыў не толькі у навучанні студэнтаў, але быў актыўным аўтарам перыядычных выданняў. Іван Лепешаў публікаваўся досыць часта як мовазнаўца ў «Нашым Слове», але і як шчыры беларускі нацыяналіст з болем інтэлігента, выказваў на старонках выданняў абурэнне прыгнётам і культурнай палітыкай, якую цяпер ужо адкрыта, называюць лінгвацыдам беларускага народа.
А ў апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця ён аблюбаваў газэту «Секретные материалы», у ёй публікаваў свае гістарычныя нататкі, палемічныя рэчы. Вельмі добра ўпісаўся ў гэтае выданне, супрацаваў зацята, быў журналістам па прыродзе. Гэта паказнік таго, што ён не быў застыглым навукоўцам, дактрынёрам, не – ён увесь час шукаў адказаў. Быў вельмі жывым, імпульсіўным.
Не баяўся сказаць «не ведаю», упарта імкнуўся шукаць адказы на невядомае. Балюча і негатыўна ставіўся да плагіяту і зацята выхоўваў пачуццё сумленнасці у сваіх аспірантаў. Ніколі не ставіў сваё прозвішча пад артыкуламі, да зместу якіх ня меў дачынення. І нават калі меў дачыненне, як кіраўнік, то ўсё адно – не ставіў гэтых подпісаў на працах сваіх аспірантаў. Пра гэта згадваюць ягоныя малодшыя калегі па навуцы.

Іван Лепешаў і Міхась Скобла, фота “Нашай Нівы”

Ён ня быў каньюнктурным навукоўцам. Вучоную справу ён рабіў паводле навуковага канону: выяўленне праблемы, пастаноўка вырашэння задачы, і практычнае прымяненне атрыманых вынікаў. Відаць, яго мала цікавіла, дзе будуць апублікаваны вынікі доследаў: у газеце ці ў зборніку матэрыялаў акадэмічнай канферэнцыі.
Пакінуў пасля сябе прафесар Іван Лепешаў вялікі след. Яго імя шырока вядомае на славянска-лінгвістычнай прасторы, дзякуючы навуковым, фундаментальным працам.

Памёр Іван Лепешаў 12 кастрычніка 2014 году, не дажыўшы зусім мала да свайго 90-годдзя.

Пахаваны на могілках Аульс, што пад Гародняй.

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Папярэднія выпускі:

Аляксандр Місцюкевіч

Рыгор Фарманян

Яўген Петрашэвіч

Андрэй Юшкевіч

Тамара і Аляксандр Талерчыкі

Міхась Амялішка