BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Надзея Хацяноўская

Надзея Хацяноўская (родавое прозвішча Хамічэнка), Міхайлы дачка, 1939-2019

Яе, вельмі маленькую жанчыну, са светлымі, добрымі і мудрымі вачыма, памятаюць многія гарадзенцы, удзельнікі беларускіх імпрэзаў, мітынгаў, набажэнстваў. Бадай на кожнай нацыянальна-акрэсленай культурнай падзеі яна прысутнічала. Яе кволасць рыхтык вобраз нашае нацыянальнай ідэі, якая ёсць, але не набудзе ніяк незваротнай сталай формы і зместу.

У гэтым месяцы – 16 красавіка – ёй магло б споўніцца роўна 85 гадоў.

Нарадзілася Надзея Хамічэнка на Гомельшчыне, у вёсцы Перадзелка Лоеўскага раёна ў беднай сялянскай сям’і.
Пасляваенны розрух прывёў многія сем“і Гомельшчыны на мяжу адчаю. Некаторыя людзі, вызваліўшыся з лагераў і пасяленняў Урала і Сібіры, і вяртаючыся ў Беларусь, нават паварочвалі назад, з-за бесперспектыўнасці, на іх думку, на доўгія гады ўзнавіць тую пустку, якую пакінула вайна.
– Сыта, кісель, жур аўсяны – гэта такія былі для нас прысмакі, – згадвала ў размове са мной спадарыня Надзея, калі ў думках забягала да цёплых дзяцячых успамінаў на Каляды. Такія, здавалася, маленькія радасці, якія яна здолела захаваць у сэрцы, і якія яе відаць грэлі. Дзяцінства Надзеі прайшло ў вялікай сям“і, з дзедам і бабуляй. Бацька Міхайла пайшоў на вайну. Быў удзельнікам Другой святовай вайны на баку Чырвонай Арміі. Меў баявыя ўзнагароды. Але аднойчы апынуўся ў нямецкім палоне, з якога уцёк. Гэта канешне стала падставай для пераследу, пасля вяртання яго дамоў, быць арыштаваным і засуджаным, як «вораг народа». Выйсці на волю змог толькі пасля смерці дыктатара Сталіна ў 1953 годзе.

Да таго часу шмат што змянілася ў жыцці Надзеі. Калі ёй было 8 гадоў, памерла яе маці. Без бацькі і маці, чацвёра дзяцей, а бабуля з дзядулем ўжо не маглі даць рады. Тут Надзея захварэла на сухоты хрыбта. Сястра маці, як згадвала спадарыня Надзея, завяла яе ў паліклініку, пасадзіла на лаву ля дзвярэй і сказала, што неўзабаве прыйдзе па яе. Але не вярнулася. Яе забралі медыкі ў больніцу, дзе Надзея праляжала два гады. У выніку усяго гэтага – фізічныя дэфармацыі малой дзяўчынкі. Ужо нават дарослай яна не перавысіла росту 130 сантыметраў.

Пасля бальніцы, яе адправілі ў Слуцкі Інтэрнат для дзяцей сіротаў. І там яна прабыла да 16 год. Што важна ведаць, яе так ніхто са сваякоў, не наведаў за ўвесь гэты час. Ужо паўналетняя Надзея (а гэта пасля 16 год) ня мела месца дзе прытуліцца. Уладкавалася на Слуцкую швачную фабрыку. Тады яе з літасці ўзяла да хаты работніца прадпрыемства, тэхнічка. Дзякуючы гэтаму, Надзея закончыла вячэрнюю школу, а працуючы аддавала грошы гаспадыні жылля. Паралельна навучылася вышыўцы. Але не хапала грошай на ежу. Жыхарка Гародні, Марыя Жукевіч, якая доўгі час сябравала з Надзеяй Хацяноўскай, прывяла такі адрэзак жыцця Надзеі у Слуцку, калі яе адна суседка, старая габрэйка, карміла яе выкарыстоўваючы розныя хітрасці, бо Надзея з сораму адмаўлялася прыняць прапанову. Мела няўдалую спробу паступіць у медыцынскую вучэльню, але ў яе не прынялі дакуманты, як у дачкі ворага народа.

У Слуцку Надзея пазнаёмілася з Мікалаем Хацяноўскім, яе будучым мужам, які быў інвалідам і на два гады старэйшым. Пасля маладая пара пераехала ў вёску Верцялішкі на Гарадзеншчыне, куды перавялі Мікалая. Туды сужонства забралі з сабой і малодшую сястру Надзеі – Вольгу.
У 1980-х гадах, атрымалі кватэру ў Гародні, дзе і памёр у 1988 годзе муж. Вярнуся ў гэтым расказе да пары яе дзяцінства, тады, пасля зняволення бацькі, смерці маці, усе чацвёра дзяцей, браты і сёстры былі расцярушаны па розных інтэрнатах, дзіцячых дамах. Толькі значна пазней, калі сталі дарослымі, пазнаходзілі адно аднаго.

Надзея Хацяноўская разам з гарадзенскімі парафіянкамі

Нягледзячы на інваліднасць, Надзея Хацяноўская была вельмі актыўнай беларускай грамадскай дзеячкай. Сярод сотняў беларусаў, падпісала зварот да часовага паверанага па справах Нямеччыны, з асуджэннем радыё «Нямецкая хваля», якое транслюецца на Беларусь, у частцы яе дыскрымінацыі беларускай мовы, і навязванні беларускім слухачам расейшчыны. Была сталай слухачкай Беларускага Радыё Рацыя, Беларускага радыё «Свабода».
Калі паўстала Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны, спадарыня Надзея далучылася да яго, Паўстала таварыства інвалідаў – стала яго ўдзельніцай. Надзея Хацяноўская ад моманту адраджэння Беларускай Царквы (Уніяцкай) у Гародні, была актыўнай верніцай. Нягледзячы на фізічныя цяжкасці, яна мужна іх пераносіла праз усё жыццё, сваім валявым характарам не паказвала, і на мітынгах, і ў пілігрымках, і ў грамадскім жыцці, што ня роўная фізічна здаровым.
– «Святая жанчына!» – проста характарызаваў яе першы парах гарадзенскай грэка-каталіцкай суполкі айцец Віктар Данілаў.

Калісьці Надзея Хацяноўская пажадала слухачам нашага Радыё, простымі словамі зычэнні: «Каб усе былі шчаслівыя, каб верылі ў Бога, і каб зла было менш у свеце.» Гэтыя словы застаюцца актуальнымі, пакуль жыве свет несправядлівасці.

Пахавана Надзея Хацяноўская на могілках Сакрэт Гародні.

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Папярэднія выпускі:

Аляксандр Місцюкевіч

Рыгор Фарманян

Яўген Петрашэвіч

Андрэй Юшкевіч

Тамара і Аляксандр Талерчыкі

Міхась Амялішка

Іван Лепешаў